Главная / Новости / Новости района

Подарки для медицинских работников

05.06.2020

З боку раённага аб’яднання прафсаюзаў аказваецца дапамога людзям, якія знаходзяцца на перадавой у барацьбе з інфекцыяй COVID-19.

– Апошнім часам у сувязі з барацьбой супраць распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай COVID-19, асноўная ўвага грамадскасці, валанцёраў скіравана на падтрымку медыцынскіх работнікаў, якія непасрэдна працуюць з хворымі, – кажа старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Мілы. – Значны пласт работы ў барацьбе з інфекцыяй штодзень выконваюць спецыялісты дзяржаўнай установы «Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі». Рэжым працоўнага дня спецыялістаў даволі напружаны, яны працуюць без выхадных. Для таго, каб падтрымаць медыцынскіх работнікаў у гэты нялёгкі перыяд, мы другі месяц запар ажыццяўляем ім дапамогу.
Нагадаю: месяц таму для патрэб работнікаў установы аховы здароўя «Лепельская цэнтральная раённая бальніца», якія непасрэдна змагаюцца з COVID-19, за лік раённага аб’яднання прафсаюзаў для пакою адпачынку бальніцы была набыта бытавая тэхніка: халадзільнік, чайнік і прас. На гэты раз у пакой для прыёму ежы ДУ «Лепельскі раёны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» дастаўлены хала­дзільнік і два чайнікі. Расказвае старшыня прафсаюзнай арганізацыі ўстановы, памочнік урача-гігіеніста Вольга Хацкевіч:
– Юрый Уладзі­міравіч паведаміў пра намер раённага аб’яднання прафсаюзаў дапамагчы нашай медыцынскай установе, папрасіў удакладніць, у чым мы маем патрэбу. Параіўшыся ў калектыве, мы прыйшлі да высновы, што нам не зашкодзілі б хала­дзільнік і чайнікі.
Пра ўмовы працы работнікаў цэнтра гутарым з галоўным санітарным урачом раёна Вікторыяй Міхно:
– Першы выпадак захворвання на каранавірусную інфекцыю COVID-19 на Лепельшчыне зафіксаваны 13 сакавіка бягучага года. З таго часу дзяржаўная ўстанова «Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» фактычна працуе ў рэжыме надзвычайнай сітуацыі. Большасць супрацоўнікаў у веснавыя месяцы не ведала, што такое выхадныя. Напрыклад, загадчыца аддзела эпідэміялогіі Наталля Паборцава пакідала працоўнае месца толькі ў 21.30!
– Чым непасрэдна займаюцца работнікі санітарнай службы?
– Мы заўсёды на перадавой. Займаемся выяўленнем кантактаў усіх узроўняў. Калі магчыма, апытваем захварэлага, вызначаем кола найбольш блізкіх да яго людзей. Гэта члены яго сям’і, а таксама калегі па працы, кіраўнікі ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў. Разам з гэтым праводзяцца мерапрыемствы па дэзінфекцыі.
– Як да такога напружанага рытму працы блізкіх людзей адносяцца сем’і вашых супрацоўнікаў?
– Яны ведаюць, што сітуацыя часовая, што ўсё, нарэшце, павінна скончыцца. А пакуль што іх родным і блізкім кожны дзень трэба выходзіць на працу.
– Вікторыя Аляксандраўна, як вы можаце спрагназаваць ход захворвання на Лепельшчыне? Калі нам можна будзе чакаць спаду распаўсюджвання інфекцыі?
– Як спецыяліст не магу даць дакладнага прагнозу. Тут узаема­дзейнічае шмат аб’ектыўных і суб’ектыўных фактараў, на боль­шасць­ з якіх мы паўплываць не можам або ўплыў наш, спецыялістаў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, мінімальны. З надыходам цёплага надвор’я жыхары раёна, стаміўшыся ад абмежаванняў, губляюць асцярож­насць.
Падарункі прафсаюзаў для спецыялістаў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі вельмі важны. Часта складваецца так, што за час працоўнага дня ўрачы і іх памочнікі не маюць часу нават паабедаць дома ці ў сталовай. А зараз з’явілася магчымасць прынесці з дому бутэрброды, пакласці іх у халадзільнік, а ў абедзенны ці іншы час перакусіць.
Звяртаюся з просьбай да чытачоў у бліжэйшы час захоўваць асцярожнасць, выконваць меры элементарнай сацыяльнай бяспекі. Хваробу мы пераможам абавязкова, але не трэба губляць пільнасць, – адзначае галоўны санітарны ўрач Лепельскага раёна Вікторыя Міхно.