Главная / Новости / Новости района

Адказнасць і прафесіяналізм

27.07.2016

Сёлета спаўняецца 80 год з дня стварэння Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі. Гісторыя ўтварэння і станаўлення ДАІ непарыўна звязана з развіццём сродкаў перамяшчэння, дарожнага будаўніцтва, камунальнай гаспадаркі і арганізіцыяй дарожнага руху. У той жа час яна цесна пераплецена з гісторыяй міліцыі і тых дзяржаўных структур, работа якіх была накіравана на ўсталяванне бяспекі дарожнага руху і прадухіленне гібелі людзей у дарожна-транспартных здарэннях.

Яшчэ ў 1920-ыя гады ў структурах мясцовых Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонагвардзейскіх дэпутатаў былі створаны спецыяльныя падраздзяленні (аўтаінспекцыі) для ажыццяўлення нагляду за парадкам руху на вуліцах і дарогах. Дзясятага чэрвеня 1920 года быў прыняты Дэкрэт Савета народных камісараў (СНК) "Аб аўтаруху па горадзе Маскве і яе наваколлі (Правілы)", утрыманне якога лягло ў аснову правілаў вулічнага руху ў многіх савецкіх рэспубліках.

Правілы складаліся з 39 пунктаў і былі аб'яднаны ў дзевяць раздзелаў. У гэтым першым нарматыўным дакуменце, які быў спецыяльна прысвечаны бяспецы дарожнага руху, былі ўлічаны многія аспекты дзейнасці ДАІ. Сюды ўвайшлі патрабаванні, якія прад'яўляюцца да аўтамабіляў і іх рэгістрацыі. Ішла размова аб рэгістрацыйных знаках і праве карыстання асобнымі відамі аўтамабіляў. У Правілах былі прапісаны патрабаванні да вадзіцеляў: наяўнасць у іх шафёрскіх дакументаў і пуцявога ліста, устанаўліваліся гранічныя хуткасці. Быў вызначаны круг асоб, якія неслі адказнасць за парушэнне Правілаў. Назіранне за выкананнем Правілаў ускладалася на аўтаінспекцыю: "…аўтаінспектарам дазваляецца спыняць у выпадку неабходнасці аўтамашыны не інакш як падняццем сцяжка днём або ліхтара ноччу. Для таго, каб пазбегнуць затрымкі руху, аўтаінспектар са згоды пасажыра мог праверыць дакументы на шляху, суправаджаючы машыну". Пры гэтым аўтаінспекцыя не з'яўлялася ваенізаваным фарміраваннем і мела абмежаваныя паўнамоцтвы. Разам з тым міліцыя і прадстаўнік савецкай улады былі "абавязаны аказваць аўтаінспектарам пры выкананні імі службовых абавязкаў усялякае садзеянне ажно да прымянення ў крайніх выпадках зброі".

Працягваючы слаўныя традыцыі мінулых гадоў, сучасныя супрацоўнікі ДАІ дастойна выконваюць свае службовыя абавязкі па захаванні бяспекі дарожнага руху. Працоўны штат работнікаў аддзела ДАІ Лепельскага РАУС складаецца з трынаццаці атэставаных работнікаў і чатырох грамадзянскіх супрацоўнікаў МРЭА ДАІ. Многія з іх маюць значны вопыт работы ў міліцыі і дакладна ведаюць сваю справу. Работнікі аддзела ДАІ кантралююць захаванасць патрабаванняў нарматыўных прававых актаў, якія рэгламентуюць сферу дарожнага руху, вядуць улік дарожна-транспартных здарэнняў, вытворчасць па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях. Работнікі аддзела ДАІ ажыццяўляюць таксама неадкладныя дзеянні на месцы дарожна-транспартнага здарэння, у тым ліку аказанне пацярпелым першай дапамогі, забяспечваюць рэгістрацыю і ўлік транспартных сродкаў, вядуць прыём экзаменаў на права кіравання транспартам і выдачу вадзіцельскіх пасведчанняў.

Ведучы ўзаемадзеянне з іншымі службамі органаў унутраных спраў, работнікі аддзела ДАІ ўдзельнічаюць у ахове грамадскага парадку, вышуку ўгнаных, ўкрадзеных транспартных сродкаў, а таксама вадзіцеляў, якія пакінулі месца аварыі. Работнікі Дзяржаўтаінспекцыі ажыццяўляюць таксама кантроль за захаваннем заканадаўства, якое ўстанаўлівае патрабаванні да праектавання, будаўніцтва, рэканструкцыі і рамонту дарог, аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, а таксама да ўстаноўкі і эксплуатацыі тэхнічных содкаў арганізацыі дарожнага руху.

Важным аспектам дзейнасці ДАІ з'яўляецца парфілактыка і папярэджанне дарожна-транспартнага траўматызму, прапаганда сярод насельніцтва бяспечных паводзін на дарозе, юнымі грамадзянамі нашай рэспублікі і прафілактыка дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму.

З нагоды 80-годдзя Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі у актавай зале Лепельскага РАУС адбыўся святочны канцэрт, на які былі запрошаны сённяшнія работнікі Дзяржаўтаінспекцыі, іх калегі, а таксама ветэраны працы.
- Ваша штодзённая самаадданая служба, няўхільнае выкананне Правілаў дарожнага руху –- гэта гарант парадку на дарозе, захаванне бяспекі і дабрабыту грамадзян. Няхай жа ў нялёгкай рабоце вам спадарожнічаюць толькі выдатны настрой, бадзёрасць і аптымізм, - шчыра пажадаў работнікам ДАІ начальнік Лепельскага РАУС падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Дуранаў. З рук Аляксандра Сцяпанавіча Падзякі ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама за добрасумленныя адносіны да выканання службовых абавязкаў, высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці, выкананне важнай і тэрміновай работы атрымалі старшы інспектар дарожна-патрульнай службы аддзялення ДАІ Лепельскага РАУС маёр міліцыі Ігар Зяновіч, а таксама інспектар ДПС аддзялення ДАІ капітан міліцыі Валерый Лянкоўскі.

Цёплыя пажаданні ў адрас работнікаў дарожна-патрульнай службы прагучалі таксама з вуснаў старшыні раённага Савета дэпутатаў. Ганаровыя граматы райвыканкама за дасягненне высокіх паказчыкаў у аператыўна-службовай дзейнасці, належнае выкананне службовых абавязкаў і ў сувязі з 80-годдзем аддзела ДАІ Мікалай Місюра ўручыў старшаму інспектару ДПС ДАІ Лепельскага РАУС маёру міліцыі Валерыю Лешчанку, інспектарам ДПС капітанам Аляксандру Барадзёнку і Мікалаю Куранному.

Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў за дасягненне высокіх паказчыкаў у апетратыўна-службовай зейнасці, належнае выкананне задач, якія стаяць перад ахоўнікамі правапарадку, і ў сувязі з 80-ай гадавінай утварэння ДАІ Мікалай Місюра ўручыў інспектарам ДПС ДАІ аддзела ДАІ Лепельскага РАУС капітанам міліцыі Сяргею Цярэнцьеву і Аляксею Цялятку.

Шмат цёплых слоў у адрас сённяшніх і былых работнікаў Дзяржаўтаінспекцыі выказаў начальнік аддзела ДАІ Лепельскага РАУС Аляксандр Трусаў. Пад шчырыя апладысменты гледачоў Аляксандр Мікалаевіч уручыў пасведчанні ветэранаў дарожна-патрульнай службы былому начальніку аддзела ДАІ Лепельскага РАУС Мікалаю Бялкоўскаму, а таксама былым інспектарам ДПС Юрыю Сцяпанаву і Сяргею Долбікаву.

Павіншаваў паважаных калег са святам у гэты дзень таксама намеснік ваенкама - начальнік мабілізацыйнай групы райваенкамата Аляксей Еўстаф'еў. Аляксей Валер'евіч уручыў юбілейныя медалі "70 год Вялікай Перамогі" начальніку Лепельскага РАУС Аляксандру Дуранаву, начальніку аддзела ДАІ Аляксандру Трусаву, а таксама старшым дзяржаўным інспектарам аддзела ДАІ Лепельскага РАУС Валерыю Лешчанку і Ігару Зяновічу.

Вельмі цікавым для ўсіх гасцей было і выступленне былога начальніка аддзела ДАІ Лепельскага РАУС Мікалая Бялкоўскага, які падзяліўся ўспамінамі аб нялёгкіх буднях работнікаў дарожна-патрульнай службы і выказаў сваім былым калегам найлепшыя пажаданні.

Выдатны святочны настрой работнікам ДАІ падарылі мясцовыя артысты. Сваімі спевамі парадавала гледачоў юная спявачка Вераніка Трубека, ансамбль гітарыстаў раённага Цэнтра дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Аляксандра Астроўскага. Уразілі сваімі вступленнямі таксама вядомыя ў раёне выканаўцы Таццяна Грыдзюшка, Таццяна Невядомская і Наталія Мацюш.

Святочны канцэрт завяршыўся, а работнікі дарожна-патрульнай службы, якім прадстаяла выходзіць на чарговае дзяжурства, прыступілі да выканання сваіх абавязкаў. Наперадзе ў іх - шмат адказных спраў…

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ