• Гостиничный комплекс ПлавноГостиничный комплекс Плавно
Главная / Новости / Новости района

Амбулаторыя ў Новых Валосавічах

27.09.2012

Новая амбулаторыя стала сапраўдным падарункам для жыхароў вёскі Новыя Валосавічы і бліжэйшых населеных пунктаў, якія ў любы час могуць звярнуцца за дапамогай фельчара, наведаць акушэра, зубнога ўрача, прайсці комплекс неабходных працэдур.

Урачыстае адкрыццё Новавалосавіцкай урачэбнай амбулаторыі ператварылася ў сапраўднае свята. Павіншаваць вяскоўцаў з гэтай значнай падзеяй прыехалі прадстаўнікі ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама, райвыканкама, галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы, медыцынскія работнікі Лепельскага раёна.

Правядзенне рамонтных работ, аснашчэнне медыцынскіх устаноў абсталяваннем немагчымыя без падтрымкі ўлады, выдзялення сродкаў з раённага бюджэту. Разам са шчырымі словамі ўдзячнасці за дапамогу ў правядзенні мадэрнізацыі амбулаторыі старшыні райвыканкама Пятру Шыкшняну былі ўручаны хлеб-соль. Пётр Генрыхавіч павіншаваў жыхароў населенага пункта з радаснай падзеяй. Для работнікаў амбулаторыі старшыня райвыканкама падрыхтаваў падарунак — мікрахвалевую печ.

З цёплымі пажаданнямі да прысутных звярнуўся намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Андрэй Андрушкін. Шчырую ўдзячнасць за садзеянне ў паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы медыцынскіх устаноў раёна выказала старшыня Валосавіцкага сельсавета Тамара Хацкевіч. Галоўны ўрач установы аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца” Аляксандр Пішчулёнак расказаў аб удасканаленні медыцынскага абслугоўвання жыхароў Лепельшчыны. Ад душы павіншавала работнікаў амбулаторыі, жыхароў вёскі з адкрыццём сацыяльна важнага аб’екта дырэктар Нова Валосавіцкай сярэдняй школы Людміла Няміра. Загадчыцы амбулаторыі Таццяне Мілай яна ўручыла падарунак і прыгожы букет кветак.

Шмат цёплых слоў у адрас вяскоўцаў выказаў Віктар Мозаў, дырэктар КУВП ЖКГ “Лепель”. Менавіта работнікі гэтага прадпрыемства і Лепельскага камунальнага ўнітарнага рамонтна-будаўнічага прадпрыемства “Будаўнік” аздаблялі, абуладкоўвалі памяшканне.

Пад шчырыя апладысменты Віктар Мозаў уручыў сімвалічны ключ ад амбулаторыі яе загадчыцы Таццяне Мілай. І вось наступае доўгачаканы момант. Старшыня райвыканкама Пётр Шыкшнян, старшыня Валосавіцкага сельсавета Тамара Хацкевіч і галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандр Пішчулёнак пераразаюць чырвоную стужку перад уваходам у амбулаторыю.

Госці з задавальненнем прайшлі па ўтульным памяшканні. У амбулаторыі зроблена ўсё магчымае для таго, каб кожны наведвальнік тут адчуваў сябе ўтульна і камфортна. Выдатна абуладкавана рэгістратура. Належныя ўмовы створаны ў кабінеце ўрача, прышчэпачным, працэдурным і фізіятэрапеўтычным кабінетах. Зручнасць і камфорт — у палаце дзённага стацыянару. Выдатна абсталяваны пакоі зубнога ўрача, акушэркі, лабаранта.

Як адзначыла загадчыца Новавалосавіцкай урачэбнай амбулаторыі Таццяна Мілая, у цяперашні час у вёсках Валосавіцкага сельсавета пражывае 1052 жыхары, з іх 70 школьнікаў. Сёлета нарадзілася шасцёра немаўлят, ёсць дзве цяжарныя жанчыны. Кожны месяц абследуюцца пажылыя людзі. Для аказання належнай медыцынскай дапамогі ў амбулаторыі ёсць усё неабходнае. Акрамя загадчыцы, тут працуюць участковая медсястра, акушэрка, зубны ўрач, лабарант, чатыры санітаркі. Амбулаторыя забяспечана аўтамабілем УАЗ. Калі патрэбна дапамога вузкага спецыяліста, сюды прыязджаюць урачы цэнтральнай раённай бальніцы.

Медыцынскае абслугоўванне пастаянна ўдасканальваецца, выкарыстоўваецца зручнае, высокатэхналагічнае абсталяванне, а разам з тым укараняюцца новыя метады лячэння пацыентаў. Жыхары сельскай глыбінкі, якія жывуць за дзясяткі кіламетраў ад раённага цэнтра, маюць права на лячэнне ў зручных і камфортных умовах. Для гэтага робіцца ўсё магчымае.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ