Главная / Новости / Новости района

Дзень за днём на Лепельшчыне

15.08.2016

У госці да Цмока

Цмок Лепельскі сёлета зноў запрашае да сябе ў госці на свята, якое прызначана на 21 жніўня. Плануюцца народныя гулянні, выступленні прафесійных і самадзейных артыстаў, выязны гандаль.

Страхавыя выпадкі і кампенсацыі

У чэрвені ў раённае прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Лепельскім раёне звярнуўся 41 чалавек з заявамі аб пашкоджанні іх маёмасці ў выніку прыродных з’яў і просьбамі аб выплаце страхавой кампенсацыі. За першыя дваццаць дзён ліпеня звярнуліся яшчэ 12 чалавек. У чэрвені ў асноўным пашкоджвалася бытавая апаратура: тэлевізары, халадзільнікі, камп’ютары. Прычынамі станавіліся скачкі напружання ў электрасетках з-за навальніц і маланак. Ліпень адзначыўся моцнымі вятрамі, хуткасць парываў якіх у асобных месцах перасягала 15 метраў за секунду. Пры такіх з’явах моцна пашко­джваюцца дахавыя пакрыцці.

Ручаёк у малочную раку

Малако ад кароў вясковых гаспадароў дапаўняе агульную малочную раку. За першае паўгоддзе ад вяскоўцаў раёна ў ААТ “Лепельскі МКК” было прынята 472 тоны малака. Уся прадукцыя прымаецца толькі першым гатункам. За гэты ж час з-за неналежнай якасці вернута 4878 кілаграмаў малака. Самыя вялікія вяртанні, 2276 кг, былі зроблены ў КУП “Салют-Агра”. Зімой прычынай вяртанняў часцей было ўтрыманне ў малацэ антыбіётыкаў, улетку — павышаная кіслотнасць.

Па прынцыпе “аднаго акна”

За першае паўгоддзе ў аддзел па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама з рознымі запытамі звярнуліся 690 грамадзян і восем юрыдычных асоб. Часцей за ўсё закраналіся пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, прыватызацыі жылля.

Снарады ў Чэрцах

На днях у вёсцы Чэрцы былі знойдзены боепрыпасы — два артылерыйскія снарады часоў Вялікай Айчыннай вайны. Іх выпадкова выявіў мясцовы жыхар, які пайшоў па ваду да сажалкі. Снарады былі на баявым узводзе. Сапёры вывезлі боепрыпасы на заслонаўскі палігон, там іх знішчылі метадам падрыву.