• Гостиничный комплекс ПлавноГостиничный комплекс Плавно
Главная -  Новости -  Новости района

Ежегодно в «Жемчужину» принимаются на оздоровление более семи тысяч детей

08.11.2017

З 2004 года цэнтр з'яўляецца адным з пастаянных выканаўцаў праграмы Саюзнай дзяржавы па арганізацыі лячэння і аздараўлення дзяцей з раёнаў Беларусі і Расіі, якія найбольш пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. За лік сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры "Жамчужына" прайшлі курс аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння тры тысячы 560 дзяцей з Рэспублікі Алтай, Бранскай, Калужскай, Тульскай абласцей Расіі, а таксама Гомельскай, Магілёўскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцей Беларусі.

Штогод у "Жамчужыну" прымаюцца на аздараўленне больш за сем тысяч дзяцей з раёнаў Беларусі, якія найбольш пацярпелі ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Для адпачывальнікаў створаны выдатныя ўмовы. У гэтым пераканаліся ўдзельнікі мерапрыемства "Дзень Саюзнай дзяржавы ў "Жамчужыне", які праводзіўся ў рамках рэалізацыі мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы.

Ганаровымі гасцямі былі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сягоднік, начальнік дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы Маргарыта Леўчанка, намеснік начальніка дэпартамента фінансаў і бюджэтнай палітыкі Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы Аляксандр Кернажыцкі і іншыя адказныя асобы.

Перад тым, як дэталёва пазнаёміцца з дзейнасцю цэнтра, нашым ганаровым гасцям было прапанавана абмеркаваць яго работу за круглым сталом.

Кожнае дзіця, якое знаходзіцца ў цэнтры, павінна адчуваць сябе ўтульна, камфортна, мець добрыя ўмовы не толькі для выдатнага адпачынку, лячэння, а і навучання. Акрамя дыягнастычных і лячэбных працэдур для дзяцей праводзяцца заняткі ў спецыяльна абсталяваных класах, лінгафонных і камп'ютарных кабінетах. Таксама ёсць бібліятэка з вялікай падборкай літаратуры па саюзнай тэматыцы. Асаблівую ўвагу ўдзяляем харчаванню дзяцей. Усе прадукты, якія выкарыстоўваюцца на кухні, не маюць працяглага тэрміну прыдатнасці. У нас заўсёды свежыя хлеб, малочныя прадукты. Для дзяцей гатуюцца апетытныя гарачыя стравы, беларускія дранікі, пельмені, духмяныя пірагі. Як правіла, усе стравы вельмі смачныя, бо на кухні працуюць лепшыя спецыялісты.

На працягу трынаццаці год на аздараўленне дзяцей было затрачана 1762,4 тысячы дэнамінаваных беларускіх рублёў з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Зараз адпачывае 125 дзяцей з Тульскай (дваццаць чалавек), Калужскай (шэсцьдзясят) і Бранскай (сорак пяць чалавек) абласцей Расійскай Федэрацыі.

Для больш глыбокага знаёмства з дзейнасцю "Жамчужыны" была арганізавана экскурсія па цэнтры. Удзельнікі мерапрыемства пабачылі выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці, падрыхтаваную юнымі майстрамі. Яркія плакаты з надпісам "Беларусь і Расія разам!" заклікаюць да сяброўства Беларусі і Расіі.

Па добрай традыцыі для расійскіх гасцей арганізуюцца майстар-класы ўдзельнікамі Заслужанага аматарскага фальклорнага калектыву Рэспублікі Беларусь "Сунічкі" пад кіраўніцтвам Веранікі Хомбак, які дзейнічае ў Лепельскай дзіцячай школе мастацтваў. Разам з юнымі артыстамі расіяне выконвалі народныя танцы, спявалі беларускія песні.

Ажыўлена праходзіла спартландыя "Малы, ды ўдалы" па рускіх і беларускіх спартыўных традыцыях.

У час знаходжання дзяцей з Расіі і Беларусі ў "Жамчужыне" ўстанаўліваецца асаблівы мікраклімат. Для многіх расіян паездка становіцца першым знаёмствам з Беларуссю. У "Жамчужыне" ёсць усе ўмовы для даверлівых зносін: агульныя ўрокі ў школе, праводзяцца культурныя і спартыўныя мерапрыемствы. Дзеці расказваюць адзін аднаму аб сваіх гарадах, дзеляцца асабістымі перажываннямі і пачуццямі. Аднак не толькі са слоў новых сяброў яны даведваюцца аб жыцці краін-суседзяў. На гэта накіраваны разнастайныя мерапрыемствы. Традыцыйна сустрэча і знаёмства пачынаюцца з "Экспрэса "Дружба".

Адкрываецца змена "Сябры, цудоўны наш Саюз!". Выкарыстанне нацыянальных касцюмаў, дзяржаўнай сімволікі, прэзентацый рэгіёнаў дзяцей, якія прыбылі на адпачынак, рытуал павязвання сімвалічных гальштукаў і ўручэння падарункаў робяць мерапрыемства эмацыйна насычаным і незабыўным.

Заўсёды ярка і цікава праходзяць народнае свята Купалле, "Малыя алімпійскія гульні", "Славянскі базар" у "Жамчужыне", свята марожанага "Лепелька" ў нас у гасцях". Дзеці ахвотна знаёмяцца з працай філіяла "Лепельскі МКК" ААТ "Віцебскі мясакамбінат", яго прадукцыяй і геаграфіяй паставак па ўсім свеце. Вялікую цікавасць выклікаюць экскурсійныя паездкі ў ваенную часць, па славутых мясцінах нашай краіны, адкрытая трыбуна з удзелам ваенных "Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць" і многія іншыя.

Яркія ўражанні ў гасцей пакінула знаёмства з выставай цудоўных вырабаў майстроў ДУК "Лепельскага цэнтра рамёстваў". Саматканыя паясы, ручнікі, саламяныя вырабы, беларускія нацыянальныя строі, капелюшы, лялькі, выцінанка — у кожным творы прысутнічаюць мастацкі каларыт, своеасаблівы выканаўчы почырк.

На базе КУП ДРАЦ "Жамчужына" ў 2008 годзе праводзілася сустрэча за круглым сталом па тэме "Комплексная рэабілітацыя дзяцей, якія пацярпелі ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС, у рамках супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў — Беларусі і Расіі". У 2011 годзе ў рамках правядзення фестывалю "Славянскі базар" наш цэнтр наведаў Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін. Ён сустрэўся з дзецьмі, уручыў ім памятныя падарункі. У 2012 годзе праводзіўся "Дзень Саюзнай дзяржавы ў "Жамчужыне". У гэты час праходзіў сумесны заезд з Расіі і Беларусі па пуцёўках Саюзнай дзяржавы. Удзельнікамі круглага стала "Дзесяць год рэалізацыі Саюзнага мерапрыемства па арганізацыі лячэння і аздараўлення дзяцей з раёнаў Беларусі і Расіі" былі прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, прадстаўнікі адміністрацыі Калужскай, Тульскай і Бранскай абласцей, Віцебскага аблвыканкама і аздараўленчых цэнтраў Беларусі, якія задзейнічаны ў рэалізацыі мерапрыемств аў па гэтай праграме, было праведзена шмат іншых пазнавальных мерапрыемстваў.

У многім менавіта ад маладога пакалення залежыць будучыня Саюзнай дзяржавы. У яе ўжо ёсць шмат дасягненняў, але дастаткова праблем і задач, якія ў будучым прадстаіць вырашаць моладзі. І пераадолець усе цяжкасці магчыма толькі разам, аб'яднаўшы намаганні народаў Расіі і Беларусі.

На здымке: удзельнікаў мерапрыемства "Дзень Саюзнай дзяржавы ў "Жамчужыне" зацікавіла выстава твораў майстроў Лепельскага цэнтра рамёстваў.