Главная / Новости / Новости района

Фэст "Жнівень"

12.09.2016

Фэст "Жнівень" зноў не абмінуў аграсядзібу Васіля Шкіндзера ў Вялікім Поўсвіжы. І нам яго абмінуць нельга. Патанчыць, паразмаўляць з добрымі людзьмі.

Нельга не адзначыць традыцыйны, як модна зараз казаць, "лайфхак" на Васілёвай аграсядзібе. Тлумачу. "Лайфхак" — маленькая хітрасць альбо каштоўная парада, якая дапамагае вырашыць бытавыя праблемы. Праблема ж мыцця посуду для любога мужчыны надзвычай актуальная. Падказваю. Ячная каша з курыцай на лісце капусты — сродак яе вырашэння. Замест металічных лыжак — драўляныя. Іх за некалькі дакладных рухаў сцізорыка рабіў Уладзімір Крыцкі. У японцаў — хасі, у нас свая, беларуская, экзотыка і свае "палачкі" для ежы.

Быў Уладзімір адказны і за "палявую кухню". Дарэчы, наконт ячных круп. Давялося пачуць размову аднаго з гасцей па тэлефоне. Самавіты мужчына прызнаваўся субяседніку, што сын з ахвотай з'еў некалькі місак кашы, на якую дома нават бы і не паглядзеў. То дома, а каша, прыгатаваная на вогнішчы і свежым паветры, не ідзе ў параўнанне з хатняй ежай на газавай канфорцы.

Разьбяры Леанід Саўчанка і Іван Будзіч з бервяна выразалі Ярылу. Для тых, хто не памятае альбо не ведае, нагадаю. Аднак спадзяюся, што апошніх няшмат. Ярыла — бог урадлівасці, вясны і пачуццёвага кахання ва ўсходнеславянскай міфалогіі. Пасля прыходу хрысціянства шмат з яго рысаў атрымаў святы Юр'я.

Трапіў Леанід Саўчанка і на фота лепельскага майстра Сяргея Атрошчанкі. А зроблена яно не сучасным "Ніканам" альбо "Кэнанам", а па старадаўняй тэхніцы, якая мае назву "амбратыпія". Увогуле, само слова "амбратыпія" паходзіць ад грэчаскага ambrotos — вечны. У некалькіх сказах апісаць увесь шлях стварэння фотаздымка даволі складана. "Амбратыпія" — гэта нанясенне на шкляную пласціну раствору ёдзістага калія і апрацоўка растворам нітрату срэбра. Фота на шкле трэба рабіць хутка, бо прыкладна праз пятнаццаць хвілін засыхае.

Нельга не сказаць пра іншых майстроў, якія прадставілі свае творы на суд гледачоў.

Пачнём з разьбяра Ігара Будрэвіча. Гэта як нацюрморты, выразаныя ўмелай рукой настаўніка працоўнага навучання СШ №1, так і праваслаўная ікона. Дэкаратыўныя ўпрыгожанні з натуральнай скуры — плады творчасці паўсвіжанкі Галіі Ляйко. Дзмітрый Будзіч адліў з гіпсу не толькі падсвечнікі ў выглядзе чарапах, але і вялікалітоўскі герб "Пагоня". На "ты" з дрэвам і Аляксандр Кажан. Таўкачы на бульбу, дошкі для апрацоўкі мяса і іншае выставіў Аляксандр.

Два дзясяткі хвілін — і віцебскі мастак Валерый Белы зробіць партрэт. На жаль, буйныя кроплі дажджу сагналі з "пленэра" пад павець не толькі мастака, але і шматлікіх гасцей.

Ад "духоўнай ежы" вернемся да надзённага хлеба. Дакладней, да "другога" хлеба беларусаў. Пяклі бульбяныя дранікі і налівалі смачную гарбату Ілья Шкіндзер, Насця Шор, Андрэй Жарнасек. Такі напой на зёлках піў толькі некалькі разоў у жыцці. Пэўна, зразумела, дзе. Спадзяюся, гаспадары аграсядзібы не пакрыўдзяцца, калі напішу рэцэпт "алхімічнага" ўзвару. Меліса, мята, цмян, чабор, мацярдушка (душица), зверабой. Паспрабуйце, спадабаецца. Я ўжо маўчу пра дранікі.

Госці пад'елі, папілі гарбаты, паглядзелі на імправізаваную "вёску майстроў". Час спяваць народныя песні і ладзіць нацыянальныя скокі.

Віцебскі фальклорны гурт "Паўночная Сухадроўка" (сухадроўка — прыток Лучосы) і полацкі "Варган" — традыцыйныя госці на фэсце.

Багаты Поўсвіж на таленты! Мясцовая дзяўчына Насця Жарнасек хоць і маладая, але таленавітая спявачка, чый пранікнёны голас нікога не пакінуў абыякавым. Ну і куды ж без скокаў! Зараз модных напрамкаў колькі хочаш. Аднак звярніце ўвагу. Старажытныя "сарамлівыя" і "цнатлівыя" скокі выступаюць яркім дысанансам на фоне сучаснай, нічым не прыкрытай эротыкі, якая нярэдка пераходзіць у бессаромнасць.

Сцямнела… Сціх дождж, выступілі літоўцы і латышы, зрабілі Ярылу. Да самай ночы гучалі спевы, лілася музыка і працягваліся скокі трох брацкіх народаў.

Яўген МУДРЫ