Главная / Новости / Новости района

Каждое дерево имеет свой век

10.04.2017

Кожнае дрэва мае свой век, па дасягненні якога пачынаюцца працэсы старэння, разбурэння. Якраз гэты век надышоў для таполяў, якія раслі ў парку. Таполя — гэта дрэва, якое даволі хутка расце, за некалькі гадоў набывае пышную крону. Аднак даволі хутка галіны становяцца ломкімі, ствол— крохкім. Дрэва становіцца аварыйным, небяспечным. Каб не выклікаць траўмавання людзей, якія могуць праходзіць пад дрэвамі, быў выкліканы спецыяліст з ДЛГУ “Лепельскі лясгас”, які агледзеў усе дрэвы і даў заключэнне, што 52 старыя таполі з’яўляюцца аварыйна небяспечнымі і падлягаюць выдаленню. У бліжэйшы час мы дапілуем іх і вывезем драўніну і галлё. На месца старых будуць высаджаны новыя дрэвы. У асноўным перавага будзе аддадзена клёнам, ліпам, бярозам. Іх моцная перавага перад таполямі ў тым, што яны не даюць пуху — алергену для людзей.

Прынята праграма паступовага абнаўлення, добраўпарадкавання цэнтральнага парку.У апошнія гады гэты аб’ект адпачынку па шэрагу прычын выпаў з-пад нашай увагі, асноўныя работы зводзіліся толькі да падкошвання травы і прыбірання смецця. Падтрымліваць парадак, безумоўна, трэба, аднак патрэбны яшчэ і рух наперад, развіццё. Як бы цяжка ні было, але варта думаць пра тое, што будзе на зямлі праз дзесяць, дваццаць гадоў.

Узяць, напрыклад, былое кафэ. Так, калісьці яно было камфортным, папулярным, людным месцам, куды прыемна было прыйсці, пасядзець з сябрамі. Аднак час прайшоў, сёння яно не ўпісваецца ў існуючыя санітарныя нормы. Каб прывесці яго ў адпаведнасць, патрэбны вялікія грошы. Стаяць жа такім “помнікам” — таксама не варыянт. Таму было прынята адзіна правільнае, лічу, рашэнне — знесці. Што мы, камунальнікі, і зрабілі. У бліжэйшы час зладзім дарожкі, засеем газон, пасадзім дрэвы — атрымаецца яшчэ адзін маляўнічы куток парку. А з цягам часу, магчыма, будуць усталяваны і якія-небудзь малыя архітэктурныя формы, альтанкі.