Главная / Новости / Новости района

Кніга адной вёскі

08.07.2016

У Наваполацку ў прыватным выдавецтве выйшла кніга Валерыя Тухты і Валянціны Рабцэвіч "Цярэшкі".

Выданне адметнае тым, што яно рыхтавалася на замову жыхароў адной лепельскай вёскі, якой, дарэчы, зараз ужо не існуе. Вёскі няма, а ёсць памяць. Добрая памяць – кніга, якая ўжо не знікне ўслед за вёскаю, бо нездарма ж кажуць, што рукапісы не гараць.

Узнік нават цікавы прэцэдэнт. Жыхары аднае вёскі, былыя яе жыхары, якія сёння раскіданы па свеце, пажадалі, каб іх Бацькаўшчына была ўвекавечана. Не пашкадавалі на гэтую добрую справу сродкаў, фактычна прафінансавалі выданне кнігі. За справу ўзяліся энтузіясты. Мясцовая настаўніца Валянціна Рабцэвіч занялася арганізацыйнымі і фінансавымі пытаннямі, а таксама прадаставіла вядомыя ёй гістарычныя звесткі пра вёску свайго дзяцінства, фотаздымкі, уласную вершаваную спробу. Краязнавец, гісторык Валерый Тухта па каліву сабраў на аснове архіўных звестак, паводле ўспамінаў людзей, якія тут жылі, сістэматызаваў матэрыял для кнігі.

Змест яе выдаўся ўборыстым, матэрыял густы на факты і надзвычай цікавы. Можна сказаць, што ён цікавы не толькі для былых жыхароў Цярэшак, якія ініцыявалі кнігу, але і для любога дасведчанага чалавека, зацікаўленага гісторыяй краю. Бо "гісторыя вёскі і ваколіц"(так пазначана ў падзагалоўку) Цярэшак арганічна кладзецца ў канву агульнай гісторыі Лепельшчыны, распавядае пра гістарычныя падзеі, якія мелі месца ў нашых краях.

Кніга пабудавана ў форме кароткіх нарысаў і замалёвак, распавядае пра аб'екты сацкультбыту – школу, калгас, лясніцтва і гэдак далей, выдае цікавыя звесткі пра народны супраціў землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны, сталінскія рэпрэсіі, пасляваеннае будаўніцтва і адраджэнне краю. Не меней цікавымі падаюцца факты з гісторыі сем'яў жыхароў Цярэшак і іх наваколля. Кніга літаральна мільгаціць імёнамі, вядомымі і не вельмі. І гэта надзвычай важна, бо менавіта дзякуючы кнізе гэтыя імёны ўжо ніколі не знікнуць, назаўсёды захаваюцца ў гісторыі. Немалаважны і той факт, што ў выданні сабраны тапанімічныя назвы наваколляў. Многія з мясцін названыя з прывязкаю да людзей, якія там жылі і гаспадарылі – Александроў, Пашкевічаў, Палякоў, Панасаў, Тамашэвічаў хутары і інш. А некаторыя выдаюць аўтэнтычны фальклорны пачатак, багаты на мудрае, трапнае народнае слоўца. Яны, як дыяменты ў росах, прыдаюць асобую аздоду ўвогуле ж каліграфічнай мове аўтараў. Услухайцеся ж, як гучаць гэтыя назвы – бярозавы востраў, урочышчы Амянёк, Начовачкі, Рэпішча, Увязак, Чысцік, Япрынка, Сокалава гара. Быццам музыка грае.

Асобна хацелася б сказаць пра фотаздымкі, якімі густа поўніцца кніга. Яны складаюць фактычна фотаэпапею краю – ці толькі аднаго цярэшкаўскага. Здымкі каларытныя, хаця і выкананыя ў чорна-белым варыянце. Большасць з іх эксклюзіўныя. Калі б не кніга, яны б так і засталіся ў сямейных альбомах, раскіданыя ў часе і прасторы, а ўрэшце і забытыя. Гэтыя здымкі – лепшы помнік часу і самім людзям, якія ў ім жылі, і гэты помнік людзі паставілі сабе самі. Думаецца, як усё ж многае можа народная ініцыятыва. Прыкладам, як нядаўна жыхары Аношак самі ўвекавечылі ў граніце памяць землякоў, загінулых у гады апошняй вайны. Як на многае здольны народ, калі ён робіць нейкую справу гуртам і з энтузіязмам!

Трэба адзначыць, што большасць нарысаў, перш чым трапіць у кнігу, прайшлі апрабацыю на старонках раённай газеты, дзе людзі маглі іх пачытаць і ўдакладніць імёны, назвы, дадаць штосьці да сказанага. Творчая лабараторыя на старонках мясцовага друку сталася вельмі дарэчы і абагаціла змест кнігі.

Выданне надрукавана невялікім накладам, як кажуць, наколькі хапіла сродкаў. Тым болей эксклюзіўнай выглядае і сама кніга, якая, спадзяемся, ляжа на паліцы бібліятэк і тым самым стане даступнай шырокаму колу чытачоў, прыдасца ў працы настаўнікам, краязнаўцам, этнографам, гісторыкам і ўсім неабыякавым да сваёй Бацькаўшчыны людзям, для каго родная хата, якая знайшла адлюстраванне на вокладцы кнігі – зусім не пустое месца.