Главная / Новости / Новости района

Легкоатлетическая эстафета

24.05.2017

Лёгкаатлетычная эстафета на прызы раённай газеты "Лепельскі край", па традыцыі праводзіцца на гарадской плошчы ў Дзень Перамогі, не страчвае папулярнасці на працягу дзесяцігоддзяў. Сёлета ўдзел у спартыўным мерапрыемстве прынялі 16 каманд.

І хоць у гэты дзень выдалася пахмурнае надвор'е, удзельнікі эстафеты не страчвалі аптымізму. Каб падтрымаць спартсменаў, на плошчу прыйшлі іх шматлікія аднакласнікі, настаўнікі, калегі і сябры.

Першымі на старт падрыхтаваліся вучні гімназіі імя І. Ерашова, гарадскіх і сельскіх школ. Звярнула ўвагу, як з вучнямі сярэдняй школы №1 праводзіць размінку настаўнік фізкультуры Валерый Булах. На працягу трынаццаці год каманда сярэдняй школы №1 была лідарам эстафеты сярод навучальных устаноў і толькі ў мінулым годзе ўступіла першае месца камандзе гімназіі імя І. Ерашова.

Гучыць каманда "На старт!" — і эстафета пачынаецца. Юныя лёгкаатлеты імкліва пераадольваюць дыстанцыю. Не сціхаюць бадзёрыя воклічы балельшчыкаў.

У склад нашай каманды ўваходзяць вучні, якія прымаюць актыўны ўдзел у спартыўных мерапрыемствах і паспяхова абараняюць гонар школы не толькі на раённым, а і абласным, рэспубліканскім узроўнях. Трое ўдзельнікаў нашай каманды сёлета здалі нарматывы фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Рэспублікі Беларусь і атрымалі значкі "Спартыўная змена". Гэта вучні дзявятага "А" класа Лізавета Махоціна і Сяргей Крывіцкі, а таксама Іван Федаровіч (дзясяты "Б" клас).

Ліза захапляецца не толькі спортам, а і харэаграфіяй, з'яўляецца ўдзельніцай узорнага ансамбля танца "Затея" і пасля праходжання лёгкаатлетычнай эстафеты яшчэ выступала на канцэрце ў летнім амфітэатры.

Сяргей Крывіцкі сёлета стаў чэмпіёнам раёна па летнім і зімовым мнагаборстве "Здароўе", лёгкаатлетычным кросе, прызёрам раённых спаборніцтваў па баскетболе і лыжных гонках. У складзе каманды школы ў эстафеце "Лепельская лыжня" сёлета Сяргей заняў трэцяе месца. Вучаніца шостага "Б" класа Уладзіслава Пшанко заняла другое месца ў раённых спаборніцтвах па летнім мнагаборстве "Здароўе". Ілья Хацееў, вучань дзясятага "Б" класа, захапляецца баскетболам, валейболам, футболам, з'яўляецца прызёрам раённых спаборніцтваў па баскетболе. Не развітваецца са спортам і дасягнула значных поспехаў таксама вучаніца дзявятага "А" класа Вікторыя Іванова. Вікторыя была прызёрам раённых спаборніцтваў па баскетболе і стала пераможцай лёгкаатлетычнага кросу "Лепельская міля". Ужо не першы год абараняе гонар школы ў спартыўных мерапрыемствах Іван Федаровіч, які з'яўляецца прызёрам раённых спаборніцтваў па мнагаборстве дапрызыўнай моладзі "Абаронца Айчыны", прызёрам раённых спаборніцтваў па летнім мнагаборстве "Здароўе". Разам з Сяргеем Крывіцкім сёлета Іван Федаровіч заняў трэцяе месца ў эстафеце "Лепельская лыжня". Да таго ж Іван захапляецца гульнёвымі відамі спорту, з'яўляецца капітанам футбольнай каманды школы. Не развітваецца са спортам і Дар'я Еўтушэўская (7 "В" клас). Дзяўчынка захапляецца гандболам, з'яўляецца чэмпіёнкай раёна па лёгкай атлетыцы, кросе і заняла другое месца ў раённых спаборніцтвах па летнім мнагаборстве "Алімпійскія надзеі". Школа ганарыцца таксама поспехамі вучня 9 "Б" класа Кірыла Дзямко. Кірыл стаў прызёрам раённых спаборніцтваў па летнім і зімовым мнагаборстве дапрызыўнай моладзі "Абаронца Айчыны", пераможцам лёгкаатлетычнага кросу "Лепельская міля", а таксама раённых спаборніцтваў "Здароўе". Да таго ж ён з'яўляецца ўдзельнікам каманды школы па лыжных гонках і актыўна займаецца вейк-вордам (катанне на водных лыжах).

Нарэшце, надыходзіць доўгачаканы і хвалюючы момант абвяшчэння вынікаў конкурсу. Сярод навучальных устаноў першае месца заняла каманда сярэдняй школы №1, другое месца прысуджана гімназіі імя І. Ерашова, а трэцяе — вучням Бароўскай сярэдняй школы.

Сярод працоўных калектываў лідарамі сталі лёгкаатлеты ААТ "Лепельскі МКК", другое месца заняла каманда ўстановы аховы здароўя "Лепельская ЦРБ", а трэцяе — спартсмены КУВП "Бароўка".

Сярод аграгарадкоў першае месца прысуджана спартсменам з Слабады, другое — камандзе з Баброва, а трэцяе заваявала стайская каманда.

Цёплыя словы віншаванняў камандам-удзельніцам выказалі галоўны рэдактар раённай газеты "Лепельскі край" Уладзімір Шаўчэнка, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Міхно і дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Рымантас Стрыпейкіс.

Кожная з каманд, якая заняла першае месца, узнагароджана Пераходным кубкам. Да таго ж усе каманды, што ўдастоены прызавых месцаў, атрымалі дыпломы, а іх удзельнікі — медалі.

Вельмі прыемна было пазнаёміцца і з астатнімі камандамі-лідарамі. У склад каманды ААТ "Лепельскі МКК" увайшлі грузчык прадпрыемства Вадзім Баневіч, апаратчык вытворчасці сухіх малочных прадуктаў Андрэй Кузняцоў, бухгалтары Таццяна Міхно, Валянціна Гусь, вадзіцель Алег Міхно. Капітанам каманды з'яўляецца сакратар пярвічнай арганізацыі РК ГА "БРСМ" Таццяна Кузняцова.

У склад каманды з аграгарадка Слабада ўвайшлі Таццяна Якубава, Валерыя Юркевіч, Ігар Аксяновіч і Павел Ляйко. Таццяна скончыла Слабадскую сярэднюю школу і зараз працуе ў гандлёвай кропцы "Еўрасетка". Валерыя вырашыла звязаць сваё жыццё са спортам — з'яўляецца студэнткай спартыўнага факультэта Полацкага дзяржуніверсітэта. Ігар скончыў Лепельскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж і працуе ў лясной гаспадарцы. Значных поспехаў у спорце дасягнуў і Павел Ляйко, вучань дзясятага класа Слабадской сярэдняй школы. У складзе зборнай каманды Віцебскай вобласці Павел заняў прызавое месца ў летнім рэспубліканскім мнагаборстве "Здароўе". Падрыхтоўкай каманды да эстафеты ўжо не першы год займаецца настаўнік фізкультуры Слабадской сярэдняй школы Уладзімір Сездзін. Дарэчы, каманда Слабадской СШ на працягу трох год уваходзіла ў лік прызёраў эстафеты. Сёлета ж заняла першае месца ў спаборніцтвах па футболе сярод сельскіх школ.

Мы вельмі ганарымся поспехамі нашых спартсменаў, ад усёй душы віншуем іх з перамогамі і жадаем: "Заставайцеся з "Лепельскім краем!".

Святлана ВАЗНЯК.