Главная / Новости / Новости района

Лепельщина встретила почётных гостей — участников  межведомственной рабочей группы по посещению объектов социальной сферы

18.12.2019

На мінулым тыдні Лепельшчына прыняла ганаровых гасцей — удзельнікаў міжведамаснай рабочай групы па наведванні аб’ектаў сацыяльнай галіны.

У склад рабочай групы ўвайшлі намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка, Міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірына Касцевіч, яе намеснік Аляксандр Румак, першы намеснік Міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Піневіч. Сярод нашых ганаровых гасцей былі таксама намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кадлубай, намеснік начальніка ўпраўлення развіцця чалавечага патэнцыялу, дзяржаўных і фінансавых паслуг галоўнага эканамічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Алена Маляціна, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін і іншыя адказныя асобы.

Першым аб’ектам наведвання ўдзельнікаў рабочай групы стала дзяржаўная ўстанова спецыяльнай адукацыі “Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі г.Лепеля”. На сённяшні дзень гэта ўстанова з’яўляецца адной з лепшых у Віцебскай вобласці па арганізацыі работы з дзецьмі з інваліднасцю.

У гэты ж дзень госці пабывалі ў цэнтры сацыяльна-працоўнай, сацыяльна-бытавой і фізічнай рэабілітацыі інвалідаў Лепельскага раёна. На сённяшні дзень гэта адзіная ўстанова падобнага тыпу ў рэспубліцы. Прыходзячы ў цэнтр, наведвальнікі забываюць пра ўсе праблемы і цяжкасці. Яны развіваюць свае творчыя здольнасці, займаюцца шыццём, вышыўкай, ствараюць арыгінальныя сувеніры і радуюць гледачоў вакальнай творчасцю. У кабінетах цэнтра кожны з наведвальнікаў займаецца адпаведнай справай. Самае ж галоўнае тое, што кожны з інвалідаў адчувае сябе паўнавартасным членам грамадства. Яркім доказам гэтага стала і цудоўная выстава, падрыхтаваная калектывамі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віцебскай вобласці, дамамі-інтэрнатамі і г.д., у фае раённага Дома культуры.

Асноўная задача ўстаноў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва нашай краіны — стварыць усе магчымыя ўмовы для таго, каб людзі з інваліднасцю адчувалі сябе патрэбнымі грамадству, — адзначыў намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка. — Вопыт работы ўстаноў сацыяльнай галіны Лепельскага раёна ў гэтым накірунку прызнаны лепшым. Аднак разам з тым вельмі важна забяспечыць цесную ўзаемасувязь устаноў, якія працуюць з інвалідамі на розных этапах: ад дзіцячага ўзросту да сталасці. Толькі такім чынам мы зможам стварыць нармальны працэс адаптацыі для людзей-інвалідаў і даць ім магчымасць успрымаць жыццё ва ўсёй яго разнастайнасці.