Прамысловасць у значнай ступені з’яўляецца вызначальным сектарам развіцця эканомікі Лепельшчыны. Эфектыўная работа патрабуе правядзення сучаснай і перспектыўнай прамысловай палітыкі, накіраванай на актывізацыю інвестыцыйнай і інавацыйнай дзейнасці, мадэрнізацыю абсталявання, укараненне новых і найноўшых тэхналогій, павышэнне эфектыўнасці вытворчасці і канкурэнтаздольнасці на аснове пераходу на інавацыйны шлях развіцця.
Вядома, ключавым стымулам для мадэрнізацыі з’яўляецца канкурэнцыя. Значнае зніжэнне ўзроўню выдаткаў забяспечыла КУВП «Бароўка» — мінус 19,7 працэнта. На прадпрыемстве праведзены мерапрыемствы па замене помпавага абсталявання на больш эфектыўнае, укараненні частотнарэгулюемых электрапрывадаў, энергаэфектыўных свяцільняў. Прадоўжана выкананне этапаў рэалізацыі каляндарнага плана інавацыйнага праекта «Укараненне інавацыйнай прадукцыі па выпуску экспартна-арыентаванай прадукцыі». У выніку атрыманы чысты прыбытак у суме звыш 720 тыс. рублёў, рэнтабельнасць продажаў склала 15,5 працэнта.
Ідзе ў нагу з часам і філіял «Лепельскі» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт». У прыватнасці, сёлета набыты комплекс будынкаў (былая нафтабаза), размешчаных па вуліцы Барысаўскі тракт, распачата рэалізацыя інвестыцыйнага праекта «Арганізацыя вытворчасці па перапрацоўцы алейных культур, атрыманні жмыху соевага, сланечнікавага, рапсавага, а таксама алею гэтых культур на колішніх невыкарыстоўваемых аб’ектах камунальнай уласнасці раёна (былы ваенны гарадок № 1 «Лепель»)».
Упэўнена асвойвае новую, запатрабаваную спажыўцамі прадукцыю філіял «Лепельскі хлебазавод» ААТ «Віцебскхлебпрам». Пашыраны і абноўлены асартымент. Асвоена тры найменні хлебабулачных вырабаў: батон «Сдобный», пляцёнка «Катенька», хлеб белы «Апетытны», печыва «Дачнае» з павідлам, слодыч мучная «Пальчыкі абліжаш» са святочным упрыгожваннем да 9 Мая, пірожнае «Бульба», слодыч мучная «Мядовы ласунак» з курагой, слодыч мучная «Пясочная палоска», пірожнае «Эліта». Вядома, лепельскія хлебапёкі не замарудзілі зрабіць і яшчэ адзін новы крок насустрач спажыўцам. Дадаткова асвоена расфасоўка печыва і пернікаў у пакеты па 0,3 кілаграма, 0,5 і 1,0 кілаграм. За першае паўгоддзе пастаўлена прадукцыі толькі на рынкі горада Мінска ў аб’ёме 74 тон — на трыццаць больш за леташні адпаведны перыяд.
У бягучым годзе прыняты шэраг мер, накіраваных на далейшае ўстойлівае развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці, павышэнне эфектыўнасці працы прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу.
З 1 чэрвеня СГТФ «Заазер’е» ААТ «Лепельскі МКК» быў рэфармаваны і ўключаны ў інтэграваную структуру шляхам далучэння да ААТ «Віцебскі мясакамбінат», што дазволіла значна абнавіць машынна-трактарны парк прадпрыемства (набыта дзевятнаццаць адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі).
Асобным абзацам пазначым таксама такі важны складнік дзейнасці, як знешні гандаль. Замыкацца выключна на ўнутраным рынку не выпадае. Трэба смялей і больш упэўнена заяўляць пра сябе за мяжой. Аднак для гэтага рашучага кроку варта мець канкурэнтаздольны прадукт. Скажам прама, канкурэнцыя там даволі жорсткая, і ніхто не чакае нашага прыходу з распасцёртымі абдымкамі. Дык вось, суб’ектамі гаспадарання нашага рэгіёна знешнегандлёвыя стасункі наладжваліся з сямнаццаццю краінамі, у тым ліку тавары пастаўляліся на рынкі трынаццаці краін, імпартаваліся — з пяці. Экспартавалі тавары чатырнаццаць суб’ектаў гаспадарання.
Выходзяць на знешні рынак не толькі тавары, але і паслугі. Скажам, рэалізацыю гэтага віду дзейнасці забяспечваюць дзевятнаццаць суб’ектаў. І што не менш радуе — пятнаццаць з’яўляюцца недзяржаўным сектарам эканомікі. Найбольшая ўдзельная вага экспарту паслуг прыпадае на прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Цуд-ягада”, ААТ “Унікартранс”, КУП ДРАЦ “Жамчужына”.
У эпоху тэхнічнага прагрэсу, калі ў спажыўца з’яўляецца разнастайнасць выбару, інавацыйныя канцэпцыі дазваляюць істотна палепшыць якасць выпускаемай прадукцыі, скараціць за кошт рацыянальнага выкарыстання расходных матэрыялаў затратную частку прадпрыемства. Мадэрнізацыя вытворчасці — гэта неабходнасць, якая дазваляе захоўваць лідзіруючыя пазіцыі ў пэўнай галіне ва ўмовах пастаяннай канкурэнцыі.