• Гостиничный комплекс ПлавноГостиничный комплекс Плавно
Главная -  Новости -  Новости района

На пачатку гэтага месяца на Лепельшчыне пабывала дэлегацыя прадстаўнікоў міжнароднай дабрачыннай арганізацыі “Дамы замест Чарнобыля”

01.03.2017

На пачатку гэтага месяца на Лепельшчыне пабывала дэлегацыя прадстаўнікоў міжнароднай дабрачыннай арганізацыі “Дамы замест Чарнобыля”. У планах нямецкіх мецэнатаў значыўся і візіт у тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
З нямецкага боку – Эльтрауд і Крыстоф Шыл з перакладчыкам, з нашага – начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Васіль Рававы.

Абмяркоўвалі пытанні далейшага будаўніцтва будынку цэнтра сацыяльна-бытавой і працоўнай рэабілітацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Правялі экскурсію па будоўлі, паказалі, што і як зроблена.

Засталіся задаволенымі. Яны ўбачылі, што цалкам знесены стары будынак, падведзены камунікацыі, устаноўлены фундамент. Такім чынам, абавязацельствы, прынятыя нашым бокам, выкананы. Нямецкія калегі расказалі, што збор сродкаў на будаўніцтва аб’екта праходзіць у Германіі паспяхова. Ужо нават у першым месяцы гэтага года сабрана болей, чым у папярэднім. Адзначылі, што ў іх ёсць магчымасць выканаць сваю частку абавязкаў.

У Германіі прайшла дабрачынная акцыя па зборы сродкаў сярод насельніцтва. Людзям вельмі падабаецца праект і яны ахвотна адгукаюцца. Так адна жанчына, якая раней спансіравала пяцьдзясят еўра, гэтым разам знайшла магчымасць выдаткаваць тысячу еўра. Падключаюцца і іншыя, хто раней не ўдзельнічаў у акцыі. Вось нядаўна новая фундатарка ахвяравала паўсотні еўра.

Ужо ў ліпені-жніўні гэтага года на аб’ект прыедуць валанцёры і спецыялісты з Германіі. Будуць таксама задзейнічаны і добраахвотнікі з Лепельшчыны, у тым ліку і інваліды. Будаўніцтва будзе весціся ў два этапы. На кожным этапе прымуць удзел да трыццаці чалавек.

Гутарыў Уладзімір МІХНО.
На здымку: нямецкая дэлегацыя на сустрэчы ў тэрытарыяльным цэнтры.