Главная / Новости / Новости района

На зерносушильных комплексах всегда жарко как в прямом, так и в переносном смысле

18.08.2017

На зернесушыльных комплексах заўсёды горача як у прамым, так і ў пераносным сэнсе. У першую чаргу горача ад печаў і топак, дзе згарае паліва. Разагрэтае паветра праходзіць праз масу збожжа, награвае яго, выпарваючы залішнюю вільгаць. Горача і ў сэнсе пераносным: на разгрузачныя пляцоўкі раз-пораз прыязджаюць машыны, прывозяць з палёў дзясяткі тон збожжа. Нельга дапусціць, каб зерне пераляжала хаця б крыху, яго ў самы кароткі час трэба прачысціць і высушыць, каб яно доўга магло ляжаць у збожжасховішчы.

На зернесушылку ААТ “Лядна” прыбыў у самы, здаецца, неспрыяльны для работнікаў час. Адбылася паломка, са строю выйшла печ, дзе гарэлі дровы. Аператарам і рамонтнікам цяпер тым больш не да размоваў.

Комплекс быў аператыўна пераключаны на рэзервовы кацёл — на дызельным паліве, працэс прасушвання збожжа не перапыніўся. Тым часам зваршчык Віктар Смажэўскі ўзяўся за рамонт.

Якія страты нанесла паломка, можна ацаніць з наступнага параўнання. Палівам для дрывянога катла служаць бярвенні і дошкі ад старых, спарахнелых будынкаў, якія разбіраюцца ў вёсках, дровы з лясгасу. Усё гэта, вядома, каштуе пэўных сродкаў, але ж не ідзе ні ў якое параўнанне з выкарыстаннем дызельнага паліва. Пры выкарыстанні апошняга за гадзіну спальваецца да 40 літраў. Вось чаму пры выяўленні паломкі ўсе сілы былі кінуты на рамонт.

Наша сушылка — самая старая ў раёне, а можа і ва ўсёй рэспубліцы. Памятаю, яе ўстанаўлівалі аж у 1982 годзе. Я тады летам папрацаваў на ёй, а ўвосень мяне прызвалі на службу ў войска. І вось зараз, праз 35 гадоў, я вярнуўся на сушылку. Нічога не памянялася.
Пакуль сельгасарганізацыі раёна пераходзілі на новыя комплексы вытворчасці “Лідарай” або “Амкадор”, у ААТ “Лядна” працягвалі эксплуатаваць стары польскі комплекс і падлогавую сушылку.

Між тым прыбыў зваршчык, пачаў рамонт. Працэс высушвання пры гэтым не перапыняецца. Прыехала машына, прывезла абед. Стравы гатуюцца ў кафэ “Віраж” раённага спажывецкага таварыства. Пункт грамадскага харчавання знаходзіцца блізка, таму ежу дастаўляюць хутка.
Прыбыў чарговы МАЗ са збожжам. Вадзіцель Аляксандр Салаўёў прыехаў з Цаліны — так называецца самае вялікае ў “Лядне” поле плошчай больш за 70 гектараў, якое знаходзіцца паміж вёскамі Слабодка і Вялікае Жэжліна. Машыну спачатку ўзважылі, а потым накіравалі на разгрузачную пляцоўку.

Некалькі спрытных, умелых рухаў вадзіцеля — і борт МАЗа прыадчыніўся, спелае, налітае чырванню збожжа пшаніцы пасыпалася. Падымаецца кузаў — чырвоная плынь ператвараецца ў вадаспад. Насыпана высокая гара. Між тым Аляксандр зачыніў борт і, не затрымліваючыся, пакаціў у зваротную дарогу, назад да камбайнаў.

Зерне пакуль што няма куды засыпаць, усе секцыі сушыльнага комплексу запоўнены, працэс прасушвання займе яшчэ не адну гадзіну. Каб свежапрывезенае збожжа не сапсавалася, яго хуценька разгортваюць, гара разліваецца шырокім возерам. Надвор’е апошнімі днямі спрыяе земляробам. Хоць і не прыпякае, не стаіць спёка, затое і дажджу няма, зерне не падмокне.
Змена на сушылцы сабралася спрактыкаваная. Акрамя Юрыя Шалака працуюць Уладзмімір Хомчанка і Ігар Падгол, агульнае кіраўніцтва працэсам ажыццяўляе начальнік зернесклада Юлія Шартух. З поля зерне паступае з вільготнасцю 19 — 22 працэнты. Каб яно добра, без страт захоўвалася ў сховішчах многія месяцы, гэты паказчык не павінен перавышаць 14 працэнтаў. Вось так, гадзіну за гадзінай, аператары “выганяюць” лішнія працэнты.
Прыбыў на сушылку і на наступны дзень. Дрывяны кацёл працаваў на поўную моц. “Возера” пшаніцы як было, так і заставалася на разгрузачнай пляцоўцы. Аднак мяне паправілі: прывезеная ўчора ў сярэдзіне дня пшаніца ўжо загружана ў сушылку, гэта свежы прывоз.

Васіль МАТЫРКА