Главная / Новости / Новости района

"Наилучшие сокровища — человеческие слова"

04.05.2017

Гэты год — асаблівы, мы святкуем 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. 21 лютага было абвешчана пра пачатак аднаго з самых маштабных праектаў — рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў "Жывая класіка". Сярод яго заснавальнікаў — Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі", ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне". "Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну" — дэвіз конкурсу.

Развіццё ў дзяцей цікавасці да слова, найлепшых узораў беларускай літаратуры сёння павінна стаць клопатам дарослых. Таму што чытанне — развіццё асобы, спасціжэнне назапашанага ў кнігах вопыту, канкурэнтаздольнасць у нашым бурлівым свеце. Трэба шукаць новыя формы работы з дзецьмі і бацькамі. Мы адзначаем 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і надзвычай актуальна гучыць радок Францыска Скарыны.

Конкурс "Жывая класіка" — сапраўднае свята, якое павінна даць пачатак творчаму ўзлёту нашай моладзі. Адметна, што яго вынікі падвядуць у Полацку падчас святкавання 500-годдзя кнігадрукавання.

Праект "Жывая класіка" ўключае ў сябе некалькі этапаў. Раённы этап адбыўся ў цэнтры дзяцей і моладзі.

…Актавы зал цэнтра перапоўнены, аформлены ў прыгожым беларускім стылі. Усім удзельнікам мерапрыемства і жадаючым іх паслухаць не хапае месцаў. У выніку — поўны аншлаг. Вучні адзінаццаці школ раёна чыталі вершы беларускіх класікаў. Выступоўцы не абмяжоўваліся выразным чытаннем верша альбо ўрыўку з паэмы. Нехта пераўвасобіўся ў вобраз селяніна, хтосьці актыўна жэстыкуляваў, надаючы свайму выступленню асаблівую афарбоўку.

Пранікнёна і чулліва байкі і вершы беларускіх пісьменнікаў дэкламавалі самыя юныя чытачы — Эдгард Гушча (Каменская дзіцячы сад-базавая школа), Арына Краснік (Бароўская сярэдняя школа), Ангеліна Дорахава (гімназія ім. І. М. Ерашова), Максім Карусевіч (Баброўская дзіцячы сад-сярэдняя школа). Усю эмацыйнасць і мілагучнасць роднай мовы да гледачоў і членаў журы данеслі Павел Сездзін (Старалепельская базавая школа), Анастасія Голубева (Старалядненская дзіцячы сад-сярэдняя школа), Кацярына Драздовіч (гімназія ім. І.М. Ерашова), Юлія Сільвановіч (сярэдняя школа №3), Кацярына Дзямко (Слабадская дзіцячы сад-сярэдняя школа).

Што чыталі дзеці? Сярод прадэкламаваных твораў — байкі Кандрата Крапівы, урыўкі з паэм Якуба Коласа, лірычная творчасць Пімена Панчанкі і Максіма Багдановіча. Удзельнікаў шмат, аднак ні адзін твор не паўтарыўся. Натуральна, што былі і пераможцы, і тыя, каму пашанцавала меней. Аднак галоўнае ў тым, што дзеці на гадзіну-другую трапілі ў сапраўднае беларускамоўнае асяроддзе. Зразумелі, як гэта прыгожа — размаўляць на роднай мове.

Лізавета Судак (2 клас Старалепельскай базавай школы), Ксенія Унуковіч (5 клас Каменскай дзіцячы сад-базавай школы), Ксенія Хацкевіч (8 клас Каменскай дзіцячы сад-базавай школы), Кірыл Пятровіч (10 клас Заслонаўскай сярэдняй школы), Павел Жарнасек (Стайская сярэдняя школа) заваявалі першыя месцы на раённым этапе і выступяць на абласным.

Яўген МІКАЛАЕЎ.
На здымках: яркія моманты конкурсу.