Главная / Новости / Новости района

По количеству населения Боровский сельсовет занимает первое место в районе

25.07.2018

Па колькасці насельніцтва Бароўскі сельскі Савет займае першае месца ў раёне. На яго тэрыторыі пражывае дзве тысячы 978 грамадзян. Усе яны з’яўляюцца жыхарамі вёскі Бароўка. Добраўпарадкаванне населенага пункта, дапамога ў вырашэнні сацыяльных, бытавых праблем грамадзян — гэтае і многія іншыя пытанні знаходзяцца ў полі зроку сельвыканкама.

У сельскім Савеце стала добрай традыцыяй у пачатку года сумесна з работнікамі кіравання па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама праводзіць абследаванні ўмоў пражывання адзінокіх пажылых грамадзян, шматдзетных сем’яў. Па выніках абследавання складаецца план мерапрыемстваў, які ажыццяўляецца ў кароткі тэрмін. У свой час былі заменены электрычныя разеткі, выключальнікі ў кватэры адзінокай пажылой жанчыны Галіны Раманавай. Работа па абследаванні ўмоў жыцця адзінокіх пажылых грамадзян працягваецца і ў цяперашні час.

Добраўпарадкаванне з’яўляецца адным з галоўных накірункаў работы. Сёлета завершаны капітальны рамонт дома №10, што знаходзіцца насупраць будынка сярэдняй школы, запланаваны капітальны рамонт дома №5/2. У раёне выселак плануецца будаўніцтва новага 60-кватэрнага дома для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні ўмоў жылля. Працягваецца будаўніцтва новага корпуса КУП “Дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Жамчужына”. Работнікі ўстаноў і арганізацый, размешчаных на тэрыторыі Бароўскага сельсавета, сочаць за парадкам на замацаваных тэрыторыях, даглядаюць клумбы. Жыхары дамоў наводзяць парадак ля пад’ездаў. Да таго ж мясцовыя жыхары актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх суботніках.

Комплекс неабходных медыцынскіх паслуг прадстаўлены ў Бароўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, дзе працуюць урач агульнай практыкі, стаматолаг, фельчар, педыятр, фельчар-лабарант, фельчар агульнай практыкі, акушэрка, медсёстры і г.д. У амбулаторыі вядзецца абслугоўванне не толькі бараўчан, а і жыхароў бліжэйшых вёсак.

Многія культурныя мерапрыемствы ў Бароўцы становяцца яркай, запамінальнай падзеяй і заўсёды збіраюць шмат гледачоў. Незабыўнай падзеяй стала сёлетняе святкаванне Купалля. Шмат гасцей сабрала раённае маладзёжнае свята “Белыя росы”, якое сёлета адзначыла свой 25-гадовы юбілей.

Вельмі палюбіліся гледачам выступленні ўдзельнікаў вакальнай групы “Сударушка” пры аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ДУ “ТЦСАН Лепельскага раёна” пад кіраўніцтвам Ніны Бяздзенежных. Шмат прыемных уражанняў у прыхільнікаў самадзейнага мастацтва пакідаюць спевы ўдзельнікаў вакальнай групы “Аколіца” Бароўскага Цэнтра культуры і вольнага часу.

Кожны год у Бароўскім цэнтры культуры і вольнага часу з удзелам Уладзіміра Кажаноўскага, настаяцеля храма іконы Божай Маці “Неўпівальная чаша”, праводзяцца дабрачынныя велікодныя кірмашы. У мінулым годзе сродкі, сабраныя ў час кірмашу, былі накіраваны ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання састарэлых “Святліца” дзяржаўнай установы “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага асблугоўвання насельніцтва”, а сёлета іх атрымалі сем’і Лепеля, якія пацярпелі ад пажараў.

Сёлета салдаты тэрміновай службы, якія былі прызваны на службу ў часці Заслонаўскага гарнізона, упершыню ўрачыста давалі прысягу на вернасць Радзіме ля будынка Бароўскага цэнтра культуры і вольнага часу. Пабачыць гэту падзею атрымалі магчымасць многія жыхары і госці Бароўкі. Такія мерапрыемствы папулярызуюць службу ва Узброеных Сілах.

Святлана ВАЗНЯК.