• Гостиничный комплекс ПлавноГостиничный комплекс Плавно
Главная -  Новости -  Новости района

Работы в дендропарке

19.04.2017

Штогод увесну ў Беларусі праходзіць Тыдзень лесу, у якім актыўна ўдзельнічае і наш раён. У гэты час мы сустрэліся з начальнікам аддзела лясной гаспадаркі ДЛГУ “Лепельскі лясгас” Андрэем Старынскім, каб пагутарыць пра дэндрапарк.

Чаму дэндрапарк не ахоўваецца? Не сакрэт жа, што крадуць, выкопваюць рэдкія віды дрэваў…Хіба можна да кожнага дрэва ахову прыставіць ці павесіць на яго замок? Тут “замком” павінна быць сумленне кожнага і адпаведны ўзровень выхавання чалавека. Выхоўваць трэба людзей, каб адчувалі адказнасць за зямлю, на якой жывуць, за свой край і сваю планету ў цэлым. А інакш ніякія ахоўнікі не справяцца. Дэндрапарк — гэта, па-сутнасці, той жа парк. У нас ёсць і паркі, і скверы — і не адзін. Гэта месцы адпачынку людзей, а не якіясьці рэжымныя аб’екты. Так што хай людзі культурна адпачываюць, а хуліганам і браканьерам будзем усе разам даваць адпор.

У раёне былога цягельнага завода быў выпрацаваны гліняны кар’ер. Вось у двухтысячным годзе кіраўніцтва лясгаса і вырашыла стварыць там дэндрапарк на плошчы 6,6 гектара. Спачатку саджалі мясцовыя пароды: елку, сасну, бярозу, клён, ліпу, лістоўніцу. Затым пачалі дапаўняць флору і рознымі дэкаратыўнымі раслінамі.
У гэты час ужо не было такіх шырокіх магчымасцяў, каб прывозіць саджанцы, як кажуць, з-за мора-акіяна. Штосьці вырошчвалі самі ў нашых гадавальніках, штосьці знаходзілі ў іншых лясгасах. Вунь, скажам, у Глыбокім вельмі багаты дэндрапарк, які амаль не саступае батанічнаму саду.

Зараз больш за дзве тысячы раслін больш як ста дваццаці відаў. Сярод іх ёсць так званыя інтрадуцэнты — завезеныя пароды: туя, кіпарыс, сасна кедравая, елка блакітная, дуб чырвоны, клён татарскі, воцатавае дрэва і інш.

У межах Тыдня лесу праводзім таксама і ў дэндрапарку акцыю па добраўпарадкаванні. У ёй удзельнічаюць навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа, а таксама запрашаем усіх, хто пажадае. Будзем закладваць лабірынт з біручыны — гэта такая дэкаратыўная расліна, якая ўтварае “жывую агароджу”.

У гэтым годзе вядуцца работы па добраўпарадкаванні копанкі, трэба яе пачысціць, пашырыць, спланаваць навакольную тэрыторыю. На гэтых работах задзейнічаны меліяратары. Як вядома, на тэрыторыі тры копанкі. Акрамя таго, будзе ўстаноўлена новая альтанка.

Вельмі добра, што да работы ў дэндрапарку прыахвочваюць моладзь, падлеткаў. Можна спадзявацца, што ў падлетка, які пасадзіў ці даглядае дрэўца, не падымецца рука яго паламаць. Работа ў дэндрапарку — гэта добрыя ўрокі на прыродзе, урокі гаспадарлівасці і адказнасці за свой край. Важна, каб пра гэтую адказнасць памяталі і дарослыя. Пачуццё гаспадара — гэта найперш пачуццё адказнасці. Як папрацуем на сваю планету, так і будзем на ёй жыць.