Главная / Новости / Новости района

Роль артиллерии остается очень высокой

30.01.2018

28 снежня 1982 года Міністрам абароны СССР маршалам Савецкага Саюза Дзмітрыем Усцінавым быў падпісаны загад №314/1 аб фарміраванні 231-й артылерыйскай брыгады. Вайсковая часць уваходзіла ў склад сёмай танкавай арміі Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі і размяшчалася ў гарадку Бароўка Лепельскага раёна. Першым камандзірам стаў палкоўнік Аляксей Васільевіч Супрунчук. Ён і займаўся фарміраваннем брыгады: падбіраў афіцэраў згодна са штатам, прымаў тэхніку і ўзбраенне, выконваў шматлікія адміністрацыйныя і гаспадарчыя абавязкі.

З самага пачатку брыгада атрымала навейшыя на той час артылерыйскія сістэмы — самаходныя гарматы 2С5 і 2С3М. Задача іх — разбурэнне доўгачасовых, у тым ліку і бетонных умацаванняў, барацьба з браніраванымі цэлямі, у тым ліку і танкамі, паражэнне жывой сілы праціўніка. Хаця сістэмы і складаныя, аднак навучальны працэс быў адладжаны такім чынам, што салдаты за час службы надзейна асвойвалі свае спецыяльнасці.

Цяжкімі для 231-й брыгады, як і для ўсіх Узброеных сіл, сталі 1990-я гады. Распадалася вялікая дзяржава СССР, Рэспубліка Беларусь будавала свае Узброеныя Сілы. Пры гэтым расфарміроўваўся шэраг вайсковых часцей і злучэнняў. 231-я брыгада стала артылерыйскім палком скарочанага саставу. Ідэя такога тыпу вайсковых часцей заключаецца ў тым, што ў мірны час няма патрэбы трымаць вялікую колькасць войскаў у разгорнутых часцях. Дастаткова мець толькі касцяк — афіцэраў, прапаршчыкаў, некаторую колькасць салдатаў, каб патрымліваць пэўную ступень боегатоўнасці, навучаць маладое папаўненне вайсковым спецыяльнасцям. 231-ы артылерыйскі полк з гэтым паспяхова спраўляўся.

За наступныя дзесяцігоддзі вайсковая часць неаднаразова перафарміроўвалася, шукаючы аптымальную структуру і колькасць асабовага складу, састаў узбраенняў. На сёння ёй вярнулі ранейшую назву — 231-я артылерыйская брыгада. Яна ўваходзіць у склад паўночна-заходняга аператыўнага камандавання. 19 лютага 2005 года брыгадзе ўручаны баявы сцяг новага ўзору.

Са снежня 2016 года брыгадай камандуе падпалкоўнік Аляксей Хахлоў:

Зыходзячы з прынцыпу тэрытарыяльнага камплектавання, у 231-й артылерыйскай брыгадзе ў асноўным на тэрміновую службу прызываюцца хлопцы з Віцебскай вобласці. Орша, Талачын, Браслаў, Глыбокае, Паставы, уласна Віцебск і Лепель — па назвах гарадоў і вёсак можна вывучаць геаграфію вобласці. У кожным прызыве ёсць салдаты, якія адзначаюцца асабліва. Напрыклад, Аляксандр Гуркоў з Віцебска. На службу хлопец быў прызваны ў маі. Паколькі да прызыву скончыў Смаленскі філіял Расійскага эканамічнага ўніверсітэта імя Пляханава, то служыць яму толькі год. Перад прызывам Аляксандру ў ваенным камісарыяце прапанавалі прайсці навучанне ў аўташколе ДТСААФ, атрымаць спецыяльнасць вадзіцеля. Хлопец пагадзіўся, тым больш, што на той час ужо меў пасведчанне катэгорыі "В" — на легкавыя аўтамашыны. Зараз ён служыць вадзіцелем КамАЗа. На вучэннях ён буксіруе гармату, часта яго прызначаюць у нарад у якасці дзяжурнага вадзіцеля. А нядаўна да Дня артылерыста Аляксандра ўдастоілі нагруднага знака 231-й артылерыйскай брыгады.

У шэрагах брыгады годна нясуць службу і лепельскія прызыўнікі. У маі былі прызваны Аляксандр Крывец, Аляксей Палееў, Арцём Курбака, Сяргей Палетка і Мікіта Азаронак. З апошнім прызывам на службу прыйшлі Максім Кузьміч, Эрык Судак, Дзмітрый Залатуха і Максім Валаховіч. Хлопцы нядаўна прынялі вайсковую прысягу, зараз іх размеркавалі па падраздзяленнях, яны прыступілі да службы, асвойваюць баявую тэхніку.

А ў 231-й брыгадзе яна вельмі магутная. Разам з аднатыпнымі ствольнымі артылерыйскімі сістэмамі самаходнай 2С5 і буксіруемай "Мста-Б" ёсць дывізіён рэактыўных сістэм "Ураган". Хоць уся баявая тэхніка яшчэ савецкай вытворчасці, аднак яна мае належныя догляд і абслугоўванне, усё падтрымліваецца ў баяздольным стане. І нават нягледзячы на насычэнне армій электроннай тэхнікай, роля артылерыі застаецца вельмі высокай. Гэта даказваецца вопытам узброеных канфліктаў, якія ўспыхваюць па ўсім свеце.

Васіль МАТЫРКА.
На здымках: ветэраны і дзеючы камандзір брыгады Аляксей Хахлоў (другі справа).Фота з архіва 231-й артылерыйскай брыгады.