Главная / Новости / Новости района

Спиливание деревьев

21.03.2017

Апошнім часам зафіксавана некалькі выпадкаў непаразуменняў пры частковым абпілоўванні, поўным спілоўванні дрэваў. Тлумачэнні дадзены начальнікам аддзела будаўніцтва і архітэктуры райвыканкама Наталлей Кляшторнай.

Па-першае, необходна раздзяліць дрэвы, якія растуць на ўчастках і належаць грамадзянам на розных формах уласнасці, уладання, і тыя, якія растуць у населеных пунктах за межамі выдзеленых участкаў, на землях агульнага карыстання. З дрэвамі, якія растуць на прыватным участку, уладальнік можа рабіць усё, што заўгодна: расціць далей, бяліць ствол, падпілоўваць галіны, а можа і ўвогуле спілаваць пад корань. І не важна, якое гэта дрэва: пладовая яблыня, груша, вішня ці дэкаратыўная ліпа, бяроза ці таполя. Аднак ад сябе заўважу, што ўсе расходы і рызыкі, звязаныя са спілоўваннем, нясе гаспадар участка. Таму калі спатрэбіцца дапамога спецыяліста, выклік і аплата яго паслуг цалкам кладзецца на плечы ўладальніка зямлі.

Не раз станавіўся сведкам спрэчак паміж суседзямі з-за дрэваў. Адзін прад’яўляе прэтэнзіі да другога, маўляў, сонца засланяюць, лісцем закідваюць і гэтак далей. Тыя, хто лічыць сябе пакрыўджаным, спрабуюць прымусіць суседзяў спілаваць свае дрэвы…

Паступалі і да нас такія заявы, у якіх грамадзяне прасілі прымусіць суседзяў спілаваць дрэвы. Аднак мы ім адказваем, што не маем на гэта права, калі дрэвы растуць у межах дапушчальных нарматываў. Калі насаджэнне мае вышыню да двух метраў, яно павінна расці не бліжэй за адзін метр ад мяжы ўчастка, дрэва да трох метраў — за два метры, звыш трох метраў — за тры метры ад мяжы. У такім выпадку, гаворачы канцылярскай мовай, суседзі — суб’екты права, якія маюць абсалютна роўныя правы і нясуць аднолькавыя абавязкі перад законам. Раім ім вырашаць падобныя непаразуменні шляхам перамоваў. На крайні выпадак бок, які лічыць сябе пакрыўджаным, мае права звярнуцца ў суд з грамадзянскім іскам. А рашэнне суда — абавязковае да выканання.

Аднак вернемся да дрэваў на землях агульнага карыстання. Як правільна дзейнічаць грамадзянам, якія заўважылі аварыйнае дрэва каля свайго ўчастка, пабудоў ці ліній электраперадач?

Паведаміць у дыспетчарскую КУВП “Бароўка”, калі такое дрэва заўважана ў горадзе, і ў свой сельвыканкам — калі ў вёсцы. Самім спілоўваць дрэвы за межамі сваіх участкаў строга забараняецца. Далей дзеянні ідуць па адпрацаванай працэдуры. Выклікаецца спецыяліст з ДЛГУ “Лепельскі лясгас”, які дае заключэнне аб стане дрэва, прызнанні яго аварыйнанебяспечным або не аварыйнанебяспечным. Гэтае заключэнне з’яўляецца абгрунтаваннем для выдалення, спілоўвання дадзенага дрэва. У горадзе яго праводзіць КУВП “Бароўка”, у вёсках гэтым займаюцца сельвыканкамы, яны могуць наймаць спецыялістаў як з дзяржаўных прадпрыемстваў, так і прыватнікаў.

А калі дрэва ў населеным пункце не будзе прызнана аварыйным, але жыхары пры гэтым будуць патрабаваць яго спілоўвання?

Кожны выпадак разглядаецца індывідуальна. Пры райвыканкаме дзейнічае камісія, куды, акрамя нашых спецыялістаў, уваходзяць прадстаўнікі лясгасу, прыродаахоўных, камунальных службаў. З выездам на месца вырашаем, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі: спілоўваць дрэва пад корань ці падпраўляць крону, ці ўвогуле пакідаць без зменаў.

З якіх крыніц фінансуецца абпілоўванне або спілоўванне дрэваў?

Вы задалі вельмі актуальнае пытанне, бо спілоўванне толькі аднаго дрэва каштуе ад 100 рублёў і вышэй. А калі запатрабуецца прымяненне вышкі або спецыяліст па вышынным абпілоўванні, то тут ста рублямі не абыдзецца. Згодна з Пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі №16 ад 20 красавіка 2005 года “Аб добраўпарадкаванні населеных пунктаў”, выдаленне, абпілоўванне расліннасці на землях агульнага карыстання ў населеных пунктах праводзіцца за кошт бюджэту. Дрэвамі, якія пагражаюць лініям электраперадач, займаюцца работнікі раёна электрасетак.