Главная / Новости / Новости района

Столетний юбилей

14.03.2017

Для святкавання Дня міліцыі праваахоўнікі Лепельшчыны выбралі актавую залу Лепельскага ваеннага санаторыя. У прызначаны час яна запоўнілася амаль цалкам. У фае перад залай гасцей сустракаў ваенны аркестр 19-й механізаванай брыгады. Гэты ж музычны калектыў, дарэчы, адкрываў і святочную канцэртную праграму.

Стагадовы юбілей беларускай міліцыі амаль супаў з юбілеем міліцыі лепельскай, якая бярэ свой адлік з 12 сакавіка 1917 года. Начальнік РАУС падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Дуранаў коратка акрэсліў вехі гісторыі аддзела, павіншаваў супрацоўнікаў, ветэранаў, членаў сем'яў міліцыянераў са святам, пажадаў усім плённай службы, моцнага здароўя, мірнага неба і спакою.

Калі ў чалавека здараецца бяда, калі нязваны госць грукаецца ў дзверы, калі прапалі дарагія рэчы, куды ён звяртаецца? Правільна, чалавек у роспачы тэлефануе па нумары 102.

Неўзабаве пачалася самая прыемная цырымонія — уручэнне ўзнагарод. Медаля "За бездакорную службу" ІІІ ступені ўдастоены старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку РАУС маёр міліцыі Аляксандр Дудко. Падставай для ўзнагароджання афіцэра стала служба на працягу шэрага гадоў, за якую ён не атрымаў ніводнага спагнання, толькі падзякі і заахвочванні. На яго рахунку шэраг раскрытых і папярэджаных злачынстваў. Калі патэнцыйны правапарушальнік строга папярэджаны, у яго ўжо не ўзнікае ліхіх думак.

Шэраг супрацоўнікаў міліцыі былі ўзнагароджаны юбілейнымі медалямі "100 гадоў беларускай міліцыі", ганаровымі граматамі і падзякамі РАУС, упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама, райвыканкама, грашовымі прэміямі. Не былі забытыя і ветэраны, колішнія супрацоўнікі міліцыі, якія аддалі шмат гадоў жыцця высакароднай справе абароны закону.

Госці свята прынеслі падарункі. Прысутных віншавалі раённы ваенны камісар падпалкоўнік Васіль Шапка, начальнік ваеннага санаторыя Міхаіл Лях, калегі з іншых праваахоўных структур і службаў.

Цікавы канцэрт падрыхтавалі работнікі культуры. Песенныя нумары чаргаваліся з жартоўнымі выступленнямі тэатра мініяцюр "Балаган", танцавальных калектываў "Капрыз" і "Лілея", іншых выканаўцаў.

Васіль МАТЫРКА.