Главная / Новости / Новости района

У душы маёй квітнеюць кветкі

07.09.2016

Алёну Дабрыдневу ўсе мы добра ведаем, як мясцовую эстрадную спявачку, артыстку народнага тэатра "Пошук", умелую вядучую розных раённых мерапрыемстваў.

Алёна Сяргееўна закончыла тэатральнае аддзяленне Віцебскага дзяржаўнага культасветвучылішча (зараз каледж мастацтваў) па спецыяльнасці "Рэжысёр самадзейнага тэатральнага калектыву". Цяпер працуе педагогам дадатковай адукацыі ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі кіраўніком дзіцячага ўзорнага тэатральнага калектыву "Трыяда". Яе выхаванцы станавіліся лаўрэатамі 4-га Міжнароднага тэатральнага фестывалю "Давыдаўскі" ў Маскве і абласнога — "Жывая планета", перамаглі ў конкурсе дзіцячых тэатраў "Тэатр юнага гледача "Зубраня" ў рамках рэспубліканскага конкурсу тэатральнай творчасці "Юныя таленты Беларусі".

Ды гэтым далёка не вычэрпваецца характарыстыка Алёны Сяргееўны як вельмі адоранага здольнасцямі, творчага чалавека. Як аказалася, яна яшчэ і майстар па вышыўцы, у чым асабіста пераканаліся аматары дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на персанальнай выставе жанчыны пад назвай "У душы маёй квітнеюць кветкі", адкрыццё якой адбылося ў салоне "Скарбонка". Кветкі — галоўныя героі карцін-вышыванак Алёны Дабрыдневай. Майстар адлюстравала іх шырокую разнастайнасць і яркую прыгажосць, прыродную адметнасць і непаўторнасць. Каб наведвальнікі выставы лепш зразумелі, чаму Алёна Сяргееўна так мэтанакіравана працуе над увасабленнем гэтай творчай ідэі, яна прачытала ім свой верш:

В душе моей
цветут цветы —
И я бросаю их на ткани,
Чтоб поделиться
от души
Тем, что меня
переполняет…

Алёна Сяргееўна распавяла прысутным, што захапленне рукадзеллем — даўняя сямейная традыцыя. Першыя ўрокі шыцця, вязання, вышыўкі, пляцення з бісеру і макрамэ атрымала яшчэ ў дзяцінстве ад маці, бабулі і цёці ў Краснадоне Луганскай вобласці Украіны, дзе яна нарадзілася і вырасла. Таму як жывыя выглядаюць вышытыя на палатне кветкі, сплеценыя з бісеру галінкі вярбы, рабіны, што ўпрыгожваюць выставу, надаюць ёй своеасаблівую адметнасць, выклікаюць цікаўнасць. Як творчае ўвасабленне шчымлівага, яшчэ дзіцячага жадання маляваць, на якое проста не знайшлося потым месца ў рэальным жыцці, бо музыка і тэатр займалі ўвесь вольны час, у апошнія гады вышыўка стала для Алёны Дабрыдневай самым любімым відам творчасці.

Большасць работ створаны пад уплывам пэўных жыццёвых абставін, падзей, асабістых уражанняў. Так, напрыклад, быў вышыты партрэт святога Мікалая Цудатворцы, абрамлены белымі ручнікамі з кветкавым узорам.

З адкрыццём персанальнай выставы шчыра павіншавалі Алёну Дабрыдневу дырэктар раённага Цэнтра рамёстваў Алена Барадзейка, загадчыца тэатральнага аддзялення Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў Наталля Джамілашвілі, калегі-педагогі дадатковай адукацыі раённага цэнтра дзяцей і моладзі, сябры і знаёмыя. Наведвальнікі доўга не разыходзіліся, яшчэ раз задумліва ўглядаліся ў карціны, сатканыя руплівымі і ўвішнымі рукамі. Асабліва прыемнымі былі для Алёны Дабрыдневай сардэчныя словы, выказаныя ў яе адрас сынам Іванам і нявесткай Ілонай.

Мікалай ГАРБАЧОЎ