Главная / Новости / Новости района

Военнослужащие 231-ой артиллерийской бригады встретили гостей из реабилитационн-оздоровительного центра «Жемчужина»

06.08.2018
Дні адчыненых дзвярэй у 231-й артылерыйскай брыгадзе, хоць і сталі адносна прывычнай справай, усё ж вайскоўцы кожны раз рыхтуюцца да іх з асаблівай адказнасцю. Вось і на гэты раз дзяцей, якія адпачываюць у рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Жамчужына”, на кантрольна-прапускным пункце загадзя чакаў намеснік камандзіра брыгады падпалкоўнік Дзмітрый Дружанін са сваімі памочнікамі.

Праз браму зайшоў шумлівы натоўп — больш за сотню хлопчыкаў і дзяўчынак. Усе апранутыя па-летняму: лёгка, шматкалярова, страката, што вельмі кантраставала з аднастайным форменным камуфляжам вайскоўцаў. Дзмітрый Васільевіч разам з памочнікамі павіталі ўсіх, коратка распавялі пра запланаваную праграму.

Пунктам першым стала гармата, устаноўленая на пастамент перад КПП. Хлопчыкі і дзяўчынкі тут жа акружылі яе. Іх вельмі радавала, што можна было бесперашкодна лазіць вакол гарматы, кратаць рукаяткі навядзення, уяўляць сябе адважным артылерыстам, які вядзе агонь па калонах варожых танкаў. Пасля фатаграфавання дэлегацыя раздзялілася на тры прыблізна роўныя групы, і ўсе рушылі па сваіх аб’ектах.

На першым этапе дзеці маглі паслядоўна агледзець музей 52-га асобнага пошукавага батальёна, вучэбны корпус і казарму 231-й артылерыйскай брыгады. Хлопчыкі і дзяўчынкі тут жа скарысталіся атрыманымі магчымасцямі. Хто разглядаў кулямёт “Максім”, знаёмы з фільмаў пра вайну, хтосьці браў у рукі вінтоўкі, аўтаматы, макеты бомб і мін. У складзе групы была спартыўная каманда з Расіі, гэтым гасцям была не звычная такая блізкасць да гістарычных экспанатаў.

Другая група ў гэты час была ў казарме. Дзеці, асабліва расіяне, думалі, што пад гэтым словам хаваецца нешта змрочнае, жорсткае. Між тым на трэцім паверсе іх чакала светлае прасторнае памяшканне, наведнікі ўбачылі акуратныя засланыя ложкі. Для юных гасцей вайскоўцы наладзілі выставу вайсковай формы. Дзеці пабачылі, як салдаты нясуць службу ў зімовых умовах. А потым ім дазволілі патрымаць у руках спецыяльна выкладзеныя аўтамат, пісталет і тры камплекты бронекамізэлек і шлемаў. Звярнулі ўвагу, што апошнія элементы экіпіроўкі ўжо не савецкія. Салдаты патлумачылі, што кеўларавыя шлемы і новай мадэлі камізэлькі паступілі на аснашчэнне адносна нядаўна, з месяц таму. Яны крыху лягчэй і зручней за ранейшыя мадэлі.

Апошнім пунктам дня адчыненых дзвярэй стаў парк баявых машын. Вайскоўцы спецыяльна для дзяцей выкацілі з бокса на адкрытую пляцоўку гармату 2А65 “Мста-Б”, самаходную артылерыйскую ўстаноўку 2С5 “Гіяцынт-С”, машыну рэактыўнай сістэмы залпавага агню 9К57 “Ураган” і цягач МАЗ-537 з тралам для перавозкі цяжкой тэхнікі. Дзеці тут жа абляпілі баявыя машыны, для іх было шчасцем і радасцю спусціцца ў баявыя адсекі, пасядзець за рычагамі на месцы механіка-вадзіцеля, пакруціць за ручкі навядзення гарматы.

Як ні дзіўна, але найбольш пытанняў па ўзбраеннях і тэхніцы паступала зноў жа ад дзяўчынак. Ці далёка страляе гармата, ці цяжкі снарад, як хутка можа ехаць машына… Часам лавіў сябе на думцы, што слухаю размову не падлеткаў, а дарослых людзей, кампетэнтных у тэме.

Нарэшце надышла пара расставацца. Але дзеці не хацелі проста так пакідаць гасцінных гаспадароў. Хлопчыкаў і дзяўчат ледзьве не ўпрошвалі спусціцца з самаходнай артылерыйскай устаноўкі, у фотакамеры і мабільныя тэлефоны загружаліся гігабайты сэлфі на фоне гармат, з афіцэрамі і салдатамі. На развітанне госці падзякавалі за шчыры і сардэчны прыём.