• Гостиничный комплекс ПлавноГостиничный комплекс Плавно
Главная / Жителям / 70 лет под знаменем Великой Победы

Баявое супрацьстаянне

23.11.2016

Выклікаюць цікавасць звесткі аб баявых аперацыях партызан супраць нямецка – фашысцкіх захопнікаў у Вялікую Айчынную вайну на тэрытрыі нашага раёна. Прынамсі, восенню 1943 года перад камандваннем партызанскай брыгады “За Савецкую Беларусь” была пастаўлена задача – разграміць варожы гарнізон у Камені.

Як мне распавядалі відавочцы і ўдзельнікі тых падзей, 19 кастрычніка ў 14 гадзін штурмавая група ў складзе атрадаў “Сібірак”, імя Суворава і імя Шчорса пачала наступленне і днём 20 кастрычніка поўнасцю заняла населены пункт, уключаючы так званую Царкоўную горку і мост, які праходзіў ад возера паміж Каменем і машынна – трактарнай станцыяй.

Былі знішчаны: памяшканне валасной управы, дзве казармы, два трактары ЧТЗ і склад са збожжам. Быў захоплены і яшчэ адзін склад, з якога забралі тону солі, крупы, апрацаваныя аўчыны, веласіпеды. На Царкоўнай горцы былі разбураны два доты.

Перад атрадам імя Лазо была пастаўлена задача – арганізаваць заслон з боку варожага гарнізона ў Бачэйкаве. Для гэтага быў спалены драўляны мост на шашы Бачэйкава – Камень, вырыты дзве супрацьтанкавыя траншэі шырынёй тры метры і глыбінёй - паўтара метра.

Атрадам імя Чапаева на шашы Камень – Бароўка, непадалёк ад вёскі Слабодка, быў спалены драўляны мост даўжынёй дванаццаць метраў. На гэтай жа дарозе выкапаны два супрацьтанкавыя рвы глыбінёй адзін метр і шырынёй – тры, а таксама замініравана шаша паўднёва - заходняй вёскі Слабодка. У гэты ж дзень атрадам “Сібірак” на шашы Бачэйкава – Камень зроблена пяць супрацьтанкавых траншэй шырынёй чатыры метры і глыбінёй – паўтара.

Праціўнік з боку Бачэйкава пачаў наступленне з выкарыстаннем трох танкаў і да двух соцень салдат. Партызанскія атрады вымушаны былі адыйсці. Ноччу атрадам імя Катоўскага на шашы Бачэйкава – Камень быў знішчаны ў раёне вескі Востраў трохмятровы драўляны мост.

28 кастрычніка партызанскія атрады зноў былі вылучаны наперад і занялі пазіцыі на захад ад вёскі Астроўна, каб не даць гітлераўцам прадоўжыць наступленне на Камень.

Атрады імя Суворава, імя Неўскага і імя Шчорса ў засадзе сустрэлі групу праціўніка, якая наступала, колькасцю да ста чалавек. Вораг быў адкінуты, панёс страты больш за трыццаць чалавек забітымі і параненымі.

Атрадам імя Чапаева на шашы Камень – Лепель, каля вёскі Слабодка была пастаўлена міна. На ёй падарвалася нямецкая танкетка, экіпаж якой быў знішчаны.

Байцы атрада “Сібірак” замініравалі шашу Бачэйкава – Камень у раёне вескі Пагарэлае, зрабілі засаду сіламі двух узводаў. Партызаны ўступілі ў бой з калонай аўтамашын ворага – падарвалі танк, з супрацьтанкавага ружжа знішчылі аўтамашыну.

М. АЗЁРНЫ