• Гостиничный комплекс Плавно
Главная / Жителям / 70 лет под знаменем Великой Победы

Нягоды ваеннага ліхалецця

07.04.2015

Ніна Цюрына з Велеўшчыны старанна захоўвае ў сямейным архіве фотаздымак сваіх бацькоў — Зінаіды і Мікалая Гарбачовых, — які быў зроблены яшчэ ў канцы 50-х гадоў дваццатага стагоддзя. Мікалай Іванавіч — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, франтавік. Цяжкія дарогі вайны, жорсткія баі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў не зламілі гэтага чалавека, сапраўднага абаронцу Айчыны. Уражваюць яго вочы, адлюстраваныя на фотаздымку, — жыццярадасныя і добрыя, напоўненыя душэўнай цеплынёй.
— Бацька быў прызваны на тэрміновую вайсковую службу яшчэ перад вайной. Патрапіў у Брэст, быў радавым салдатам, шафёрам грузавой аўтамашыны, — успамінае дачка франтавіка Кацярына Стэльмах, якая цяпер жыве ў Оршы. — Незадоўга перад нападам нямецка-фашысцкіх захопнікаў на нашу краіну, ён �прыслаў да дому ліст, у якім паведамляў, што дазваляе сваім родным братам карыстацца яго новым гармонікам.
На чацвёрты дзень вайны — 26 чэрвеня 1941 года — бацька быў цяжка кантужаны, у непрытомным стане захоплены ў палон і да жніўня 1944 года ўтрымліваўся ў канцэнтрацыйных лагерах на тэрыторыі Германіі. Ён тройчы ўцякаў з падварты. Двойчы яго лавілі, бязлітасна збівалі, здзекваліся, марылі голадам і холадам, аднак так і не зламілі неадольнага жадання вырвацца на волю з фашысцкага рабства. І толькі 11 жніўня 1944 года яму, нарэшце, удалося здзейсніць трэці, паспяховы пабег з канцэнтрацыйнага лагера, перайсці лінію фронту і са зброяй у руках прадоўжыць змаганне супраць ворага.
— Як склаўся яго лёс у пасляваенны час?
— Пасля заканчэння вайны бацьку адразу не дэмабілізавалі, служыў у горадзе Жытомір (Украіна). Загадваў вайсковым харчовым складам. У 1946 годзе атрымаў водпуск, прыехаў на Лепельшчыну, ажаніўся. Яго абранніцай стала Зінаіда Шалак з суседняй вёскі Замошша. Па сямейных абставінах у 1947 годзе ён звольніўся з арміі, вярнуўся ў родныя мясціны. Працаваў намеснікам старшыні Валосавіцкага сельскага спажывецкага таварыства. Калі пабудавалі новы магазін у вёсцы Аношкі, стаў яго загадчыкам. У гэтай гандлёвай кропцы працаваў да пенсійнага ўзросту. На жаль, бацька ўжо пайшоў з жыцця.
— Дзе цяпер жыве сын франтавіка?
— Адзінага яго сына Віктара лёс закінуў у Санкт-Перцярбург. У 1997 годзе ён заснаваў у гэтым расійскім горадзе буйную прыватную будаўнічую кампанію, якая займаецца ўзвядзеннем жыллёвых і прамысловых аб’ектаў не толькі ў Санкт-Пецярбурзе, але і ў навакольных гарадах Ленінградскай вобласці.
— Колькі нашчадкаў мае слаўны абаронца Айчыны?
— Трое дзяцей, шэсць унукаў і дзевяць праўнукаў.

М. АЗЁРНЫ.