• Гостиничный комплекс Плавно
Главная / Жителям / 70 лет под знаменем Великой Победы

Партызанскі камандзір

11.02.2016

У артыкуле "Творчы почырк земляка", змешчаным у газеце "Лепельскі край" за 22 снежня 2015 года, ужо расказвалася аб маладым мастаку, лепяльчаніну Аляксею Ляшчову, які закончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім П.М. Машэрава і на традыцыйных мінулагодніх "Фарбах Лепельшчыны" прадставіў партрэт ураджэнца нашага роднага краю, вядомага беларускага спевака і кампазітара Аляксандра Балотніка, што быў прызнаны лепшым у намінацыі "Поспех года".

Цяпер Аляксей Ляшчоў працуе над стварэннем цэлай серыі партрэтаў у рамках праекта "Жыць, каб памятаць". Першым партрэтам, які намаляваў таленавіты мастак пры рэалізацыі гэтай творчай задумы, стала выява Героя Савецкага Саюза, камандзіра партызанскай брыгады Аляксея Фёдаравіча Данукалава.

— Шмат чаго чуў раней пра гэтага знакамітага чалавека, абаронцу Айчыны, чытаў аб ім у перыядычных выданнях, кнігах, — сказаў Аляксей Ляшчоў. — Аднак перад тым як распачаць непасрэдную працу над мастацкім творам-адлюстраваннем Аляксея Данукалава, яшчэ раз пазнаёміўся са звесткамі ў інтэрнэце, іншых крыніцах. Сустрэў шмат чаго нечаканага, адметнага. Напрыклад, як аказалася, хоць Аляксей Данукалаў нарадзіўся ў вёсцы Новарасляеўка Дзергачоўскага раёна Саратаўскай вобласці Расіі ў сям'і вясковага каваля Фёдара Данукалы, яго бацька быў запарожскім казаком-перасяленцам, і таму Аляксей Фёдаравіч па нацыянальнасці ўкраінец, гэта адлюстравана ў яго дакументах.

— Падрабязна азнаёмілі¬ся і з іншымі асаблівасцямі біяграфіі Аляксея Данукалава?

— Так. Толькі такім чынам можна было стварыць сапраўдны вобраз, вельмі змястоўны і багаты на розныя адценні знешні і ўнутраны свет чалавека, якога малюеш, адлюстроўваеш на палатне.

Прынамсі, цікава было даведацца, што пасля заканчэння сямігадовай вясковай школы Аляксей Данукалаў паступіў у тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі ў Балашове. Пасля заканчэння вучобы ў гэтай сярэдняй спецыяльнай навучальнай установе быў накіраваны ў Омск, дзе працаваў начальнікам майстэрань машынна-трактарнай станцыі. У 1937 годзе быў прызваны ў Чырвоную армію. Служыў у 26-й асобнай танкавай брыгадзе 93-й стралковай дывізіі Забайкальскай ваеннай акругі. Як выдатнік ваеннай і палітычнай падрыхтоўкі ў лютым 1938 года быў пераведзены ў 126-ы гаўбічны артылерыйскі полк на пасаду памочніка палітрука.

Пасля праходжання тэрміновай службы Аляксей Данукалаў вырашыў стаць кадравым ваенным. У сакавіку 1940 года ён быў накіраваны на аднагадовыя курсы ў Іркуцкае ваенна-палітычнае вучылішча, па заканчэнні якіх яго прызначылі палітруком 33-га палка 17-й танкавай дывізіі Забайкальскай ваеннай акругі.

— Дзе сустрэў Аляксей Фёдаравіч пачатак Вялікай Айчыннай вайны?

— У першыя дні вайны дывізія, у якой служыў Аляксей Данукалаў, была перакінута на Заходні фронт і ўключана ў склад 5-га механізаванага корпуса 22-й арміі. Ён быў удзельнікам контрнаступлення пад Лепелем, абароны Оршы, баёў ля Салаўёўскай пераправы на Дняпры ў хо¬дзе Смаленскай бітвы, а ў жніўні 1941 года, у скла¬дзе воінскіх падраздзяленняў, якія прыкрывалі адход войскаў Чырвонай арміі за Днепр, трапіў у акружэнне. У Слабадскім раёне Смаленскай вобласці Аляксей Фёдаравіч аргані¬заваў партызанскі атрад "Радзіма", які пад яго камандаваннем дзейнічаў у Прачысценскім і Духаўшчынскім раёнах Смаленскай вобласці, а ў сакавіку 1942 года быў перадыслакаваны ў Лёзненскі раён Віцебскай вобласці. У красавіку 1942 года на базе гэтага атрада была створана партызанская брыгада "Аляксея" пад камандаваннем Аляксея Данукалава, якая пазней, пасля трагічнай гібелі Аляксея Фёдаравіча, была названа яго іменем.

Партызанская брыгада "Аляксея" вяла актыўную рэйкавую вайну на чыгуначных накірунках Віцебск — Орша, Віцебск — Смаленск, Полацк — Мала¬дзечна і граміла нямецкія гарнізоны, знішчала жывую сілу і тэхніку ворага ў Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці і Суражскім раёне Смаленскай вобласці. У кастрычніку 1943 года партызаны брыгады "Аляксея" ўдзельнічалі ў баях супраць карнай экспедыцыі нямецка-фашысцкіх войскаў каля вёсак Рубеж, Вадапоева і Вуглы Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці. У красавіку 1944 года ў партызанскай брыгадзе "Аляксея" налічвалася больш за 1800 чалавек асабовага складу. Усяго ў Полацка-Лепельскай партызанскай зоне ў той час дзейнічала 16 брыгад агульнай колькасцю каля 17 тысяч чалавек.

У красавіку 1944 года нямецкае камандаванне распачало буйнейшую за ўвесь час вайны карную аперацыю супраць партызан, накіравала для іх знішчэння каля 60 тысяч ваеннаслужачых, якіх падтрымлівалі танкавыя злучэнні і авіяцыя. 27 красавіка 1944 года Аляксей Данукалаў знаходзіўся са штабам сваёй брыгады ў вёсцы Вялікія Дольцы Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Гэты населены пункт быў атакаваны нямецкімі бамбардзіроўшчыкамі. У час бамбавання Аляксей Фёдаравіч быў смяротна паранены асколкам бомбы. Першапачаткова ён быў пахаваны ў Вялікіх Дольцах.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Аляксею Данукалаву было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У 1946 годзе астанкі Аляксея Фёдаравіча былі перапахаваны ў Лепелі ў гарадскім скверы на плошчы Свабоды.

Мікалай ГАРБАЧОЎ
На здымку: партрэт Героя Савецкага Саюза, камандзіра партызанскай брыгады Аляксея Фёдаравіча Данукалава, які намаляваў мастак Аляксей Ляшчоў (творчы псеўданім Manchado)
Фота аўтара