• Гостиничный комплекс ПлавноГостиничный комплекс Плавно
Главная / Жителям / 70 лет под знаменем Великой Победы

Засада

26.03.2015
У кнізе “Памяць. Лепельскі раён” змешчана шмат розных фактаў аб баявых аперацыях партызанаў, якія характарызуюць рэальную абстаноўку ўсенароднай барацьбы з ворагам. Асаблівую цікавасць выклікаюць сведчанні партызана першага атрада брыгады імя Сталіна Мікалая Александровіча аб адной з засад супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

— У сакавіку 1944 года ў наш атрад прыбыў кінааператар з Масквы, кааб зняць паказальны бой “Засада”, — успамінаў Мікалай Маркавіч. — Была падабрана группа з 30-40 чалавек, у якую ўвайшлі камандзір атрада Андрэй Каралевіч, камандзір роты Мікалай Няпомняшчы, па¬літрук Аляксандр Савіч, стралкі Міхаіл Маляўка, Аляксандр Хвошч і іншыя. Зрабілі пераход з вёскі Вострава цераз населеныя пункты Ассё, Пунішча, Слабодка да вёскі Аўгустова. У раёне возера Тэкліц ля шашы Лепель — Пышна зрабілі засаду. Левы фланг з боку Пышна прыкрываў Мікіта Цыкавы з групай партызанаў. Правы фланг з боку Аўгустова абараняла наша баявое падраз¬дзяленне ў складзе Мікалая Няпомняшчага, Бабко, Васіля Варошкі, Мікалая Ладзіка і мяне. У цэнтры засады знаходзіліся ўсе астатнія.

Па шашы Лепель — Пышна руху не было, і мы чакалі. Раптам па нашым фланзе ўдарылі кулямёт і аўтаматы ворага. Бабко параніла ў нагу. Ён упаў. Лежачы, ён убачыў, як гітлераўцы перабежкамі заходзілі злева, стараючыся абысці фланг.

— Вася! — крыкнуў Бабко Варошку. У гэты момант яму разрыўной куляй раздрабіла другую нагу.

— Вася, перакры немцам дарогу, — закрычаў камандзір роты Мікалай Няпомняшчы. У гэты момант аўтаматная чарга прашыла Мікалая — і ён упаў, шырока раскінуўшы рукі. Лужына крыві расплылася пад ім.

Васіль Варошка схапіў ручны кулямёт і папоўз на перарэз фашыстам. Ён умацаваўся за каменем. Немцы былі як на далоні і зусім блізка. Прыцэліўся і даў кароткую чаргу, затым яшчэ адну. Гітлераўцы прыціснуліся да зямлі. Аднак было бачна, што да ворага ішло падмацаванне.

Камандзір атрада Андрэй Каралевіч загадаў усім адыходзіць. У гэты час з-за хмызняку выскачыла група карнікаў і кінулася за адступаючымі партызанамі. Савіч схапіў супрацьтанкавую гранату і шпурнуў яе ў гушчу ворагаў. Ад узрыву гранаты некалькі фашыстаў было забіта і паранена. Астатнія разгубіліся, замарудзілі, заляглі.

Я разам з Мікалаем Ла¬дзікам на маскхалаце пацягнулі ў бяспечнае месца Бабко, а Васіль Варошка ўзваліў на плячо і панёс за намі цела Мікалая Няпомняшчага.

Андрэй Каралевіч загадаў атакаваць гітлераўцаў, тым самым даць нам магчымасць выйсці з зоны агню. Немцы былі адкінуты. Нам удалося ўцячы ад фашыстаў. Увечары вярнуліся ў Вострава. Ішлі паціху, змораныя, вынікамі засады засталіся не задаволены. Бабко ўначы адправілі самалётам за лінію фронту на лячэнне ў шпіталь.

На наступны дзень труна з прахам адважнага камандзіра нашай роты Мікалая Няпомняшчага была ўстаноўлена ў вялікай хаце. Праз кожныя пяць хвілін мянялася ганаровая варта. Партызаны атрада і мясцовыя сяляне аддалі апошнюю пашану герою- партызану.

Увечары жалобны картэж пацягнуўся на могілкі вёскі Пораўна. Народныя мсціўцы апусцілі ў магілу труну з целам Мікалая Няпомняшчага. Вырас пагорачак зямлі, які пакрыўся вянкамі. Быў дадзены развітальны салют. Так не стала сярод нас любімага камандзіра і таварыша.

М. АЗЁРНЫ