Главная / Социальная сфера / Молодежная политика / Акции, мероприятия, конкурсы
Главная / Социальная сфера / Молодежная политика / Акции, мероприятия, конкурсы

В кружке дети рассказывают об истории своих семей

10.04.2017

У Бароўскай школе працуе аб’яднанне па інтарэсах “Краязнаўства” пад кіраўніцтвам Людмілы Фясенка.

Чаго болей у гуртку — тэарэтычных заняткаў альбо экскурсій, вандровак і г.д.?
Хапае ўсяго, на практычных мерапрыемствах замацоўваем тэарэтычныя веды. Іншая справа, што ездзім мы няшмат, а болей ходзім пешшу. Ездзіць няма і магчымасці, ды і асаблівай патрэбы, вывучаем жа ў асноўным сваю мясцовасць, знаёмімся з землякамі. Вывучаем усё: і геаграфічнае становішча, і клімат, і надвор’е ў лепельскім рэгіёне, і гісторыю стварэння самога Лепеля, і яго жыццё ад старажытных часін да сучаснасці. Знаёмімся з літаратурай Лепельшчыны, з яе спартыўнымі дасягненнямі, помнікамі гісторыі і культуры Лепеля і Бароўкі, храмамі і памятнымі мясцінамі. Сустракаемся са знакамітымі землякамі.

У гуртку дзеці распавядаюць пра гісторыі сваіх сем’яў, пра ўнёсак сваіх бацькоў у паляпшэнне жыцця школы, горада, краіны, складаюць сямейныя радаводы. Збіраем песні нашых дзядуль і бабуль, сямейныя рэліквіі, вывучаем легенды і паданні Лепельшчыны. Знаёмімся з прафесіямі сваіх родных і блізкіх. Збіраем звесткі пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія жывуць тут альбо паходзяць з нашага краю.

Напрыклад, Вольга Броднікава склала радаслоўную сваёй сям’і “Уласны радавод”, дзе распавяла пра свой род да чацвёртага калена. Вользіна маці Наталля Васільеўна Броднікава вельмі дапамагла дачцэ. Дзяўчынка разам са сваёй маці аб’ездзіла ўсіх сваіх родных і знаёмых у Стаях, Лутчыне, Лепелі, Пышне. Работа ўдзельнічала ў асветніцкім праекце “Мая Беларусь”, заняла першае месца ў раёне і накіравалася ў вобласць. Сваё даследчае дасье падрыхтаваў і Захар Барчук. Туды ўвайшлі біяграфіі ўсіх членаў яго сям’і з фотаздымкамі, дакументамі, узнагародамі. Яго работа была прадстаўлена на конкурсе “Вернісаж” у Віцебску. У падарожжах па родным краі мы бяром інтэрв’ю, распытваем пра жыццё знакамітых людзей. Напрыклад, сабралі звесткі пра настаўнікаў Лідзію Васільеўну Чарныш, Веру Іванаўну Мікулёнак, Клаўдзію Фёдараўну Кулакову і іншых.

У адну са школьных субот наведалі Лепельскі краязнаўчы музей, супрацоўнікі якога правялі для нас вельмі змястоўную экскурсію. Дзеці даведаліся шмат новага пра партызанскі рух на Лепельшчыне, пра ваеннае ліхалецце і працоўныя будні раёна.