Наладкі
Наладкі шрыфта
Arial
Times New Roman
Памер шрыфта
A
A
A
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Паменшаны
Стандартны
Вялікі
Каляровая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лепельскі раённы выканаўчы камітэт
22 лістапада 2018

Даступнасць лякарстваў для беларусаў з году ў год павышаецца - Петрышэнка

Даступнасць лекавых прэпаратаў для беларусаў павышаецца з году ў год за кошт развіцця нацыянальнай фарміндустрыі і ўдасканалення сістэмы закупак, а таксама павелічэння бюджэтнага фінансавання на закупку. Аб гэтым паведаміў сёння намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка на другой Рэгіянальнай нарадзе па пытаннях пашырэння доступу да якасных і недарагіх лекавых прэпаратаў і дыягнастычных сродкаў у краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі (УЕЦА), перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларусь стала чарговы раз месцам правядзення такога значнага мерапрыемства, што нам вельмі прыемна, - сказаў Ігар Петрышэнка. - За апошнія дзесяцігоддзі бюджэтныя асігнаванні на барацьбу з ВІЧ/СНІДам, гепатытам С, туберкулёзам павялічаны больш як у тры разы. У 2018 годзе ўжо 86 працэнтаў фінансавых сродкаў на закупку антырэтравірусных прэпаратаў забяспечаны за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Разумеючы важную ролю забеспячэння доступу пацыентаў да лекавых прэпаратаў належнай якасці, мы ідзём шляхам развіцця нацыянальнай фарміндустрыі".

У якасці прыкладу Ігар Петрышэнка прывёў лічбы: у рэспубліцы працуюць ужо чатыры нацыянальныя вытворцы прэпаратаў для лячэння гепатыту С, забяспечаны выпуск 13 найменняў антырэтравірусных прэпаратаў з 15 прымяняемых у краіне і 10 процітуберкулёзных з 11 выкарыстоўваемых. "З другога боку, мы ўдасканальваем сістэму закупак. Так, пропуск для ўдзелу ў аўкцыёне незарэгістраваных лекавых сродкаў, але маючых прэкваліфікацыю СААЗ, дазволіць у бягучым годзе знізіць цэны на асобныя пазіцыі да 85 працэнтаў. Разам з тым мы ўсведамляем, што не ў поўнай меры забяспечылі прадастаўленне прафілактычных паслуг тым групам насельніцтва, якія не матываваны на захаванне і ўмацаванне здароўя. Тут ёсць вялікі патэнцыял у частцы павышэння ролі грамадзянскай супольнасці, шырокамаштабнага механізма ўкаранення дзяржаўнага сацыяльнага заказу", - дадаў намеснік прэм'ер-міністра.

Ён падкрэсліў, што спыненне эпідэміі ВІЧ, туберкулёзу, вірусных гепатытаў да 2030 года з'яўляецца важнейшай задачай Мэт устойлівага развіцця. "Упэўнены, што толькі ўмацоўваючы наша супрацоўніцтва, распрацоўваючы скаардынаваныя стратэгіі, дзелячыся лепшымі практыкамі, мы забяспечым усеагульны ахоп медыцынскімі паслугамі і карэнны пералом у барацьбе з такімі захворваннямі", - рэзюмаваў віцэ-прэм'ер.

Міністр аховы здароўя Беларусі Валерый Малашка таксама адзначыў прыхільнасць Беларусі да міжнародных праграм і стратэгій па барацьбе з туберкулёзам, ВІЧ/СНІДам, гепатытам і нацыянальны прагрэс у гэтай рабоце. Так, рэспубліка дасягнула Мэт тысячагоддзя па скарачэнні дзіцячай смяротнасці, паляпшэнні аховы мацярынства, барацьбе з ВІЧ/СНІДам, малярыяй і туберкулёзам. Паводле ацэнак міжнародных экспертаў, краіна дзеліць з Брунеем і Канадай першае месца ў свеце па доступе насельніцтва да медыцынскіх паслуг. 7 чэрвеня 2016 года СААЗ пацвердзіла элімінацыю перадачы ВІЧ-інфекцыі і сіфілісу ад маці дзіцяці ў Рэспубліцы Беларусь. Гэты сертыфікат афіцыйна пацвярджае прадухіленне перадачы ад маці да дзіцяці ВІЧ-інфекцыі і сіфілісу. Беларусь стала першай і адзінай краінай у Еўропе, якая атрымала такое пасведчанне.

У Мінску 20-22 лістапада праходзіць Рэгіянальная нарада аб пашырэнні доступу да якасных і недарагіх лекавых прэпаратаў і дыягнастычных сродкаў у краінах рэгіёна Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі (УЕЦА). Удзельнікі абмяркоўваюць пытанні доступу да сучасных схем лячэння, дыягностыкі і прафілактыкі такіх важных інфекцыйных захворванняў, як туберкулёз, ВІЧ і гепатыт. Гэта асноўныя захворванні інфекцыйнай прыроды, якія выклікаюць хваляванне ва ўсіх краін рэгіёна.

Арганізатар мерапрыемства - Міністэрства аховы здароўя Беларусі пры падтрымцы Аб'яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІДзе (ЮНЭЙДС), Глабальнага Фонду для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй (ГФСТМ), Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ і Партнёрства "Спыніць туберкулёз".

Да спіса навін