Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Лепельский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
20 января 2014

Пейзажы і нацюрморты

Адкрылася персанальная выстава мастака Анатоля Ільінова ў Лепельскім краязнаўчым музеі. Мастак добра вядомы на Віцебшчыне як аўтар шматлікіх цудоўных гравюр, малюнкаў і акварэляў. Яскравым прызнаннем яго сапраўднага таленту стала ўжо толькі тое, што  ў 1982-1989 гадах ён выбіраўся адказным сакратаром і старшынёй абласной арганізацыі Саюза мастакоў Беларусі.

Творчы лёс Анатоля Уладзіміравіча цесна звязаны з Лепельшчынай. Пасля заканчэння Віцебскага мастацка-графічнага педвучылішча і тэрміновай службы ў арміі ён у 1957 годзе пачаў свой працоўны шлях менавіта ў нашым родным краі - мастаком-выхавальнікам Лепельскай школы-інтэрната.

У 1960 годзе Анатоль Ільіноў паступіў на вучобу ў Маскоўскі паліграфічны інстытут, дзе атрымаў прафесію мастака-графіка. Аднак ужо ў 1965 годзе ён зноў вярнуўся ў Лепель, вучыў дзяцей разумнаму, добраму і вечнаму ў якасці настаўніка сярэдняй школы, працаваў мастаком мясцовага філіяла Віцебскіх мастацкіх майстэрняў. І толькі ў 1981 годзе Анатоль Уладзіміравіч перабраўся на пастаяннае месца жыхарства ў Віцебск.

Аднак Анатоль Ільіноў па-ранейшаму не парываў і не парывае творчых і сяброўскіх сувязяў з нашым краем. Плённым вынікам гэтага стала і цяперашняя яго выстава карцін, якія ўяўляюць маляўнічыя акварэлі на паперы з тонкімі пераходамі з колеру ў колер. Яны напісаны аўтарам у 2011-2013 гадах і выкананы ў жанры пейзажа і нацюрморта. Асабліва ўражваюць мастацкія творы  Анатоля Уладзіміравіча з серыі “Лепельшчына”, якія маюць вельмі красамоўныя назвы “Стары Бярэзінскі канал”, “Вуліца Пушкінская”, “Касцёл”, “Сушанскі матыў”, “Лепельскія прасторы”. Не менш цікава было пазнаёміцца і з маляўнічымі пейзажамі “Руднянскія разлівы”, “Ціхі вечар”, “Старыя дрэвы”, “Залатая восень”, “Зімовая раніца”, “Сасновы гай” і іншымі. Наогул, калі толькі ўбачыш адну-другую карціну Анатоля Ільінова, якія непаўторныя і вельмі запамінальныя па сваім мастацкім увасабленні, глыбокім сэнсе, закладзеным у кожнай з іх, то неяк адразу ўзнікае неадольнае жаданне зірнуць і на астатнія маляўнічыя акварэлі мастака. Дарэчы, усё гэта можна было пабачыць яшчэ перад адкрыццём выставы, калі лепяльчане-аматары выяўленчага мастацтва, што сабраліся ў сувязі з гэтым у краязнаўчым музеі, разбрыліся па выставачнай зале і атрымлівалі сапраўдную асалоду ад знаёмства з прадстаўленымі на выставе карцінамі.

Усе прысутныя сардэчна ўспрынялі з’яўленне перад імі самога аўтара - Анатоля Ільінова, ды і шчырыя, цёплыя словы ўдзячнасці, сказаныя ў яго адрас галоўнай захавальніцай фондаў краязнаўчага музея Вікторыяй Кіржановай. Гучнымі, працяглымі апладысментамі было падтрымана і ўручэнне Анатолю Уладзіміравічу памятнага падарунка з нагоды адкрыцця яго  персанальнай выставы.

Аб важнасці выяўленчага мастацтва як эфектыўнага сродку выхавання людзей, асабліва падрастаючага пакалення, фаміравання глыбокіх грамадзянскіх, патрыятычных пачуцццяў адзначыў у сваім выступленні на адкрыцці выставы начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Урбан.

Пра асабістае знаёмства з Анатолем Ільіновым, рэгулярныя творчыя кантакты з ім, станоўчы уплыў выяўленчага мастацтва Анатоля Уладзіміравіча на сваё сталенне як мастака расказаў Аляксандр Саўчанка.

Затым слова папрасіў лепяльчанін Міхаіл Даніленка, які павіншаваў Анатоля Уладзіміравіча з адкрыццём персанальнай выставы, пажадаў яму здароўя, шчасця і далейшых творчых поспехаў.

Мікалай ГАРБАЧОЎ

К списку новостей