Галоўная / Навіны / Навіны раёна

У летніх лагерах Лепельшчыны аздаровяцца больш за 800 дзяцей

04.06.2021

Доўгачаканыя летнія канікулы наступілі. Гэта значыць, што наперадзе ў дзяцей - тры месяцы, напоўненых цікавымі мерапрыемствамі і яркімі эмоцыямі. Менавіта ў гэты перыяд адным з прыярытэтных напрамкаў работы спецыялістаў Лепельскага раёна з'яўляецца падрыхтоўка і правядзенне летняй аздараўленчай кампаніі.

У гэтым сезоне вольны час хлопчыкаў і дзяўчынак абяцае быць насычаным і цікавым. Дзіцячыя лагеры ўжо чакаюць юных адпачываючых. Колькі рабят і дзе плануецца аздаравіць летам 2021 года даведаліся ў Віктара Азаронка, намесніка старшыні Лепельскага райвыканкама.

Віктар Уладзіміравіч, якім чынам будзе арганізавана аздараўленне дзяцей у лагерах з дзённым знаходжаннем?

- У летні перыяд 2021 года плануецца аздаравіць 360 навучэнцаў Лепельскага раёна ў лагерах з дзённым знаходжаннем, якія будуць арганізаваны на базе 14 дзяржаўных устаноў адукацыі, дзяржаўнай установы дадатковага адукацыі «Лепельскі цэнтр дзяцей і моладзі», а таксама дзяржаўнай установы спецыяльнай адукацыі «Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г. Лепеля».

Якія варыянты аздараўлення будуць прапаноўвацца тым, хто аддае перавагу лагеру з кругласутачным знаходжаннем?

- У мэтах стварэння неабходных умоў для рэалізацыі праграмы выхавання дзяцей, якія маюць патрэбу ў аздараўленні, на базе дзяржаўнай установы адукацыі «Гімназія ім. І.М. Ерашова г. Лепеля» будзе функцыянаваць аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем «Бароўка» дзе плануецца аздаравіць парадка 400 дзяцей. Праца лагера будзе ажыццяўляцца ў тры змены. Для непаўналетніх 14-16 гадоў плануецца функцыянаванне ваенна-патрыятычнага атрада з актыўным узаемадзеяннем з вайскоўцамі вайсковай часці 22313, а таксама 19-й асобнай механізаванай брыгады. Цеснае ўзаемадзеянне будзе наладжана і з супрацоўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў, у прыватнасці, інспекцыі па справах непаўналетніх.

Ці плануецца ў гэтым сезоне праца профільных лагераў?

- Так, безумоўна. У нашым раёне будуць функцыянаваць 9-дзённыя палатачныя перасоўныя лагеры кругласутачнага знаходжання розных профіляў - турыстка-краязнаўчага профілю для 10 вучняў раёна ад 12 да 16 гадоў на базе раённага цэнтра дзяцей і моладзі, экалагічнага профілю для 20 вучняў на базе гімназіі ім. І.М. Ерашова г. Лепеля, а таксама краязнаўчага профілю для 20 навучэнцаў раёна на базе Слабадской яслі-сад - сярэдняй школы Лепельскага раёна.

Якія лагеры дазволяць дзецям не толькі аздаравіцца, але і набыць практычныя працоўныя навыкі?

- Такая магчымасць будзе ў выхаванцаў лагераў працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем. Лагеры такога тыпу будуць арганізаваны для 50 вучняў нашага раёна ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў на базе гарадскіх школ. З навучэнцамі заключаны дагаворы па працоўнай занятасці моладзі з ДЛГУ «Лепельскі лясгас», КУВП «Бароўка, філіял «Лепельскі малочна-кансервавы камбінат» ААТ «Віцебскі мясакамбінат». У такіх лагерах дзеці будуць уцягнуты ў грамадска карысную дзейнасць, якая нароўні з фарміраваннем ў іх навыкаў здаровага ладу жыцця дапаможа стварыць умовы для прафесійнага самавызначэння і ўсведамлення прафесійнага выбару.

У час размовы Віктар Уладзіміравіч таксама адзначыў, што на кантролі на працягу ўсяго летняга перыяду будзе знаходзіцца арганізацыя летняга вольнага часу асобных катэгорый дзяцей. Асаблівая ўвага будзе звернута на максімальнае забеспячэнне разумнай занятасці дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей, прызнаных знаходзячымiся ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзяцей, у дачыненні да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.

Падрабязна