Адно акно
Звароты грамадзян і юрыдычных асоб
Афіцыйныя дакументы
Даведачная інфармацыя
Адзіны дзень інфармавання
SMS-пытанне
Афіцыйнае апублікаванне
Грамадскія абмеркаванні
Ахова працы
Камісія па супрацьдзеянні карупцыі
Гуманітарнае супрацоўніцтва
Мясцовыя бюджэты
Назіральная камісія
Пустуючыя і трухлявыя дамы
18.10.2022
Аўтапарк сельгаспрадпрыемстваў Лепельскага раёна папоўніўся новай тэхнікай на суму каля 2 мільёнаў рублёў
На падставе распараджэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 чэрвеня бягучага года нумар 112рп «Аб закупцы тэхнікі і абсталявання» аўтапарк сельгаспрадпрыемстваў Лепельскага раёна папоўніўся новай тэхнікай на суму каля 2 мільёнаў рублёў.
Так, у ААТ «Лепельаграсэрвіс» і ААТ «Чарэйшчына» прыбылі ўніверсальныя пагрузчыкі «АМКАДОР. 342 С4» з ААТ «Амкадор» – кіруючая кампанія холдынгу». Хочацца адзначыць, што гэта шматфункцыянальная машына, дзякуючы якой можна выканаць шырокі спектр работ у сферы сельскай гаспадаркі. Грузападымальнасць магутнага агрэгата складае 3800 кілаграмаў. Сярод шматлікіх функцый і тое, што ён абсталяваны прыладай для хуткай змены працоўных органаў, што дазваляе замяняць іх на працягу 1-2 хвілін.
Кіраўніцтва ААТ «Лепельаграсэрвіс» вырашыла даверыць новую тэхніку маладому, але вельмі дасведчанаму і перспектыўнаму механізатару Раману Юшкову, які больш за 5 гадоў працуе ў гэтай сельгасарганізацыі.
Нехта скажа: «Зусім малады, а яму ўжо новую тэхніку далі!». Тут той выпадак, калі малады – не зялёны. Раман Віктаравіч за перыяд працы ў «Лепельаграсэрвісе» зарэкамендаваў сябе толькі з самага лепшага боку. Да атрымання новай тэхнікі працаваў на старой і паказаў, што пры якасным тэхнічным абслугоўванні і стаўленні, як да сваёй, транспартны сродак можа служыць вельмі доўга. Хлопец адрозніваецца працавітасцю і беражлівым стаўленнем да даверанага абсталявання. Многія віды палявых работ яму даводзілася выконваць не раз. Любая справа ў яго спорыцца.
Дапоўнію, Раман Віктаравіч на дадзены момант атрымлівае вышэйшую адукацыю. Упэўнена, з яго выйдзе высакакласны інжынер, таму што ён ведае працу ў сельскай гаспадарцы знутры.
– Вядома, я вельмі рады такому сучаснаму і магутнаму пагрузчыку. Спадзяюся, тэхніка не падвядзе, а я ў сваю чаргу буду працаваць з поўнай аддачай, - сказаў Раман Віктаравіч.
У ААТ «Лепельаграсэрвіс» таксама неўзабаве паступяць граблі-валкаўтварацель ГВБ-6,2, якія прызначаны для зграбання травы з пракосаў у валкі, варашэнні яе ў пракосах, абгортванні і раскідванні валкоў. У тэхнікі найвысокая прадукцыйнасць, чыстае зграбанне, а таксама надзвычай беражлівая апрацоўка кармавой масы.
***
Наступным нашым аб'ектам стала ААТ «Чарэйшчына», парк якога цяпер упрыгожвае новы ўніверсальны пагрузчык «Амкадор 342 С4». Працуе на ёй і сочыць за тэхнічным станам Мікалай Усовік.
— Мая прафесія мне па душы, - прызнаецца Мікалай. - Мне падабаецца важдацца, нешта рамантаваць, таму і абраў для сябе такую працоўную дарогу.
Мікалай з дзяцінства любіць тэхніку, з бацькам шмат разоў ездзіў у кабіне трактара ТО-28. Пры выбары прафесіі ў прыярытэце была родная гаспадарка, таму пасля заканчэння Лепельскага ПТВ-175 сеў за руль «Амкадора». Сам прыгнаў першы свой пагрузчык з Верхнядзвінска, на якім працаваў 13 гадоў, днямі з Віцебска прыехаў на новым.
-- У першы раз, калі ехаў на новым пагрузчыку, было моцнае хваляванне. Ніколі не сядзеў за рулём «Амкадора». Мне толькі паказалі «наперад-назад», а далей сам разбіраўся. Цяпер жа было зусім іншае адчуванне. Досвед працы на гэтай тэхніцы ўжо досыць вялікі, у дарозе больш параўноўваў свой стары і новы пагрузчык, кажа Мікалай.
Жыццё даказвае, што добрасумленная праца дапамагае ў прафесійным росце, майстэрстве, а таксама ў прызнанні і павазе ў калектыве. Аб Мікалаi толькі добрыя словы гавораць калегі і дырэктар прадпрыемства.
― Хлопец заўсёды з душой і прафесіяналізмам выконвае свае абавязкі, прыкладаючы максімум намаганняў, каб тэхніка заўсёды знаходзілася на лініі гатоўнасці, ― кажа аб работніку кіраўнік Іван Бабовіч. - Ён шмат што ўмее. Удумлівы, вынаходлівы, і ў калектыве яго шануюць. Хоць і малады, але досвед мае дастатковы.
На момант нашага наведвання механізатар на «Амкадоры» загружаў кармы ў кормараздатчык, а ўвогуле хлопец выконвае розныя віды работ, з якімі можа справіцца магутная тэхніка.
У ААТ «Чарэйшчына» таксама паступіў культыватар-глыбокарыхліцель КДП-6,2 з ААТ «Амкадор». Адной з асаблівасцяў тэхнікі з'яўляецца тое, што яна абсталявана блокам рэгулявання глыбіні, з дапамогай якога можна гэту аперацыю выконваць без неабходнасці спынення і выхаду з кабіны трактара.
Давялося пазнаёміцца з работнікамі ТАА «Гандлёвы дом «Амкадор-Агра» Яўгенам Сімончыкам і Раманам Лябёдка, якія ў гэты дзень на тэрыторыі ААТ «Чарэйшчына» ажыццяўлялі дазборку культыватара і ўвод яго ў эксплуатацыю. Хлопцы, прыехаўшы на прыгожым сэрвісным мікрааўтобусе, за дзень выканалі поўны комплекс тэхнічных мерапрыемстваў.
-- Наша фірма ажыццяўляе перадпродажную падрыхтоўку тэхнікі «Амкадор» і запуск агрэгата ў працу з навучаннем персаналу, - адзначыў Яўген Сімончык.
Толькі той, хто працуе на зямлі, глыбока разумее значнасць аграрных прафесій. Здавалася б, толькі была пасяўная, а ўжо ўборка ўраджаю заканчваецца. І тут не абысціся без трактарыстаў - працаўнікоў сталёвых коней.
Так, у ААТ «Чарэйшчына» і КУПСГП «Лепельскае» прыбылі МТЗ-3522 з ААТ «Мiнскі трактарны завод». Гэта адзін з самых магутных трактароў, які таксама называюць «флагманам» усяго сямейства «Беларусаў». Трактар прызначаны для выканання энергаёмістых сельскагаспадарчых работ на асноўнай і перадпасяўной апрацоўцы глебы, пасеве збожжавых і іншых культур, нарыхтоўцы кармоў, уборцы карняплодаў, збожжавых і тэхнічных культур.
Механізатары сельгаспрадпрыемстваў, акрамя ўсяго набору функцый, адзначаюць, што ў яго прасторная і зручная кабіна са зручным кіраваннем, рэверсійным пультам і кандыцыянерам.
-- Прыемна і тое, што ў кабіне выдатная тэрма- і шумаізаляцыя, усталявана сістэма ацяплення, ды яшчэ сядзенне кіроўцы можна рэгуляваць па вазе і росце, - кажа механізатар ААТ «Чарэйшчына» Руслан Галай.
-- Думаю, што не варта тлумачыць усе перавагі МТЗ-3522 - іх вельмі шмат. Для нашага прадпрыемства гэта тэхніка стане сапраўдным памочнікам у перадпасяўной апрацоўцы глебы, а таксама на іншых работах, - адзначыў інжынер па сельскагаспадарчых машынах КУПСГП «Лепельскае» Арцём Паўс.
Таксама ў КУПСГП «Лепельскае» неўзабаве паступяць граблі-валкаўтваральнiк ГВБ-6,2 і касілка-плюшчылка КПР-9-04 вытворчасці ААТ «Гомельскі завод ліцця і нармалей». Касілка прызначана для касьбы зялёных сеяных і натуральных траў з адначасовай механічнай апрацоўкай, кандыцыянаваннем, і кладкай скошанай масы на іржышча ў тры валка.
Сучасная і якасная сельскагаспадарчая тэхніка - адзін з асноўных шляхоў паспяховага і прыбытковага развіцця сельскай гаспадаркі. Жадаем аграрыям поспехаў і сіл у іх нялёгкай, але вельмі важнай працы! Бо менавіта работнікі сферы сельскай гаспадаркі сваёй самаадданай працай забяспечваюць харчовую бяспека Лепельшчыны і краіны ў цэлым, дабрабыт і росквіт кожнай беларускай сям'і.
Наталля Храпавіцкая.