"Калядныя дзянькі" праходзяць у Лепельскім раённым краязнаўчым музеі

21.01.2026

"Калядныя дзянькі" праходзяць у Лепельскім раённым краязнаўчым музеі

"Калядныя дзянькі" праходзяць у Лепельскім раённым краязнаўчым музеі з удзелам фальклорнага народнага клуба "Кругаверць".

Цёплая атмасфера, калядныя песні і сапраўдная Каляда — менавіта такім стаў гэты дзень для ўсіх удзельнікаў свята. Каляды — вясёлае свята, старажытная славянская народная традыцыя. Нашы продкі загадзя рыхтаваліся да свята. Як гэта адбывалася і як святкавалі Каляды на Лепельшчыне, даведаліся навучэнцы школ Лепеля і раёна, а таксама гімназіі ім. І. М. Ерашова. Дарэчы, навучэнцы аб'яднання па інтарэсах "Гістарычнае краязнаўства" гімназіі дапамаглі супрацоўнікам музея ў арганізацыі і афармленні пазнавальна-забаўляльнай праграмы. Якія стравы павінны быць на святочным стале, як праходзіць абрад калядавання, які сімвал "Каляд" – дзецям распавялі пра шматлікія святочныя традыцыi. "Замацаваць веды" можна было і на практыцы – паўдзельнічаць у абрадзе "Жаніцьба Цярэшкі", выканаць тэматычныя песні, паваражыць на будучыню Не абышлося без яркіх і запамінальных персанажаў традыцыйных калядных святаў: мядзведзя, чорта, зоркi і, вядома ж, казы — галоўнага сімвала калядак, сімвала ўрадлівасці і багатага ўраджаю. Удзельнікі праспявалі вясёлыя зімовыя песні, а таксама ў конкурсах атрымлівалі смачнасці.