Хто павінен займацца добраўпарадкаваннем прыдамавых тэрыторый?

07.04.2025

Хто павінен займацца добраўпарадкаваннем прыдамавых тэрыторый?

Тлумачыць намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі Лепельскага райвыканкама Аляксандр Пячкоўскі:

На падставе Палажэння аб парадку вызначэння памераў (межаў) тэрыторый зямель агульнага карыстання населеных пунктаў для выканання работ па падтрыманні іх належнага санітарнага стану, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 ліпеня 2020 года №430 і рашэння райвыканкама ад 20 снежня 2024 года №1542 "Аб прыцягненні юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў, грамадзян да выканання работ па падтрыманні належнага санітарнага стану адпаведных тэрыторый", жыхары прыватнага сектара павінны падтрымліваць санітарны стан прыдамавых тэрыторый і тэрыторый, размешчаных каля зямельных участкаў.

Яны ўсталёўваюцца ад мяжы зямельнага ўчастка да тратуара (у выпадку яго адсутнасці – да мяжы праезнай часткі вуліцы, дарогі), па астатніх баках зямельнага ўчастка – не больш за 10 метраў або палова разрыву да суседняга зямельнага ўчастка, але не больш за 10 метраў.

- Якія работы па падтрыманні належнага санітарнага стану на адпаведных тэрыторыях павінны праводзіць жыхары прыватнага сектара і якая перыядычнасць іх выканання?

— У першую чаргу - ачыстка і ўборка тэрыторый (падмятанне пакрыццяў, уборка ад выпадковага смецця, ачыстка скрыняў ад смецця). Усё гэта робіцца па меры неабходнасці. Акрамя гэтага, павінны звяртаць увагу на санітарна-гігіенічныя і тэхналагічныя мерапрыемствы (абрэзка, скошванне, выдаленне адходаў і іншае) пры выкананні работ па доглядзе за аб'ектамі азелянення (газоны, іншыя зялёныя насаджэнні) – таксама па меры неабходнасці (з мая па верасень).

Варта звярнуць увагу і на збор, падзел па відах і выдаленне камунальных адходаў – у адпаведнасці са схемай абыходжання з камунальнымі адходамі, а таксама на ачыстку і ўборку водаадводных сістэм адкрытага тыпу, прызначаных для адводу паверхневых і грунтавых вод (канавы, латкі, кюветы), – па меры неабходнасці.

Давайце кожны навядзем парадак на тэрыторыі каля свайго падворка і падкажам зрабіць тое ж самае суседу. Бо кожнаму з нас прыемней, калі атачаюць чысціня і парадак.

Таксама актывізавалася дзейнасць рабочай групы па навядзенні парадку і добраўпарадкавання райвыканкама, якая ажыццяўляе рэйды па абследаванні тэрыторый населеных пунктаў.

У ходзе іх з жыхарамі і суб'ектамі гаспадарання раёна праводзіцца пастаянная тлумачальная работа па пытаннях зямельнага заканадаўства, санітарных, экалагічных нормаў і правілаў, зборы і вывазе камунальных адходаў.