На Лепельшчыне маштабна прайшоў Дзень прызыўніка

20.10.2023

На Лепельшчыне маштабна прайшоў Дзень прызыўніка

У восеньскі прызыў адправяцца на ваенную службу 53 ураджэнца нашага раёна.

Пачалося мерапрыемства, якое азначае новы этап жыцця кожнага маладога чалавека, з урачыстага мітынгу на плошчы Свабоды. Прадстаўнікі ўлады, воінскіх часцей, РК ГА «БРСМ», раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», іншых грамадскіх арганізацый і прызыўнікі ўшанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да магіл. Далей мерапрыемства перамясцілася ў раённы Дом культуры. І адразу ж увагу ўсіх прыцягнула выстава, падрыхтаваная прадстаўнікамі 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай Мікалаеўска-Будапешцкай Чырванасцяжнай, ордэна Суворава брыгады і 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна.
Ва ўрачыстай абстаноўцы Указ Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнка ад 27 ліпеня № 227 «Аб звальненні ў запас і прызыве на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве» зачытаў ваенны камісар Лепельскага і Ушацкага раёнаў Андрэй Пухальскі.
Андрэй Леанідавіч адзначыў, што кожны мужчына ўспамінае дзень прысягі, як служыў, з кім меў зносіны. Армія дапамагае раскрывацца моцным якасцям характару. За час службы вы набудзеце сапраўдных сяброў, з якімі будзеце падтрымліваць сувязь і пасля, навучыцеся шанаваць бацькоў. Абараняць Радзіму патрэбная, ганаровая і вельмі адказная прафесія. Будзьце годнымі салдатамі, таму што абавязак і прысяга - гэта не проста словы. А бацькам жадаю цярпення і добрых навін з вайсковых частак.
Звярнуўся да прысутных старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан:
-- …Ва ўсе часы ў нашай краіне абаронцы Айчыны карысталіся адмысловай павагай. На вас кладзецца асаблівая адказнасць не толькі абараняць Радзіму, але і прадстаўляць родны край, знаходзячыся ўдалечыні ад дома. Вы хутка станеце вайскоўцамі, будзеце навучацца пад кіраўніцтвам вопытных афіцэраў, набываць новыя веды і навыкі. Абавязкова адчуеце таварыскае плячо, узаемадапамогу. Я гэта ведаю не па чутках, бо з'яўляюся падпалкоўнікам запасу. Служба ў войску ніколі не была лёгкай справай. Цяжка пакідаць родную хату, падпарадкоўвацца строгай вайсковай дысцыпліне і спасцігаць азы воінскай справы. Але менавіта служба ў войску дапамагае маладому чалавеку стаць сапраўдным мужчынам, грамадзянінам, патрыётам. Упэўнены, што вы з гонарам выканаеце свой воінскі абавязак! Наказы на выкананне воінскага абавязку прызыўнікам далі таксама старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Рэспубліканскі саюз ветэранаў вайны ў Аўганістане» Сяргей Крывель, прадстаўнік раённай арганізацыі ГА «Рэспубліканскі саюз афіцэраў» Валерый Лешчанок, прадстаўнікі воінскіх часцей, у якіх будуць праходзіць вайсковую службу нашы прызыўнікі, і іншыя госці.
-- Служба ў войску для кожнага мужчыны з'яўляецца гонарам і святым абавязкам перад Айчынай. Акрамя гэтага, мужчына - гэта чалавек, за плячыма якога жанчына адчувае спакой і клопат. Мы павінны ганарыцца, што жывем у Беларусі, якая вядома сваёй міралюбнасцю, - адзначыў у сваім выступленні благачынны Лепельскай акругі протаіерэй Сергій Ляшкевіч.
Бацюшка заклікаў маладых людзей годна працягваць традыцыі нашых слаўных продкаў, пажадаў будучым воінам духоўнай і цялеснай крэпасці і ў цяжкія хвіліны звяртацца па падтрымку да Госпада.
Кульмінацыяй Дня прызыўніка стала ўручэнне павестак. А гэта гаворыць аб тым, што хутка ў іх жыцці пачнецца новы этап: яны пройдуць курс маладога байца, прымуць прысягу і стануць асвойваць воінскія прафесіі, авалодваць спецыяльнымі ведамі і ўменнямі.
У гэты дзень у зале былі не толькі навабранцы, але і бацькі будучых салдат, іх сябры. Вельмі кранальна і хвалююча заўсёды гучыць гаворка мам і тат. Калі выступала маці прызыўніка Таццяна Барадзейка, у зале стаяла поўная цішыня, у многіх на вачах з'явіліся слёзы. І зразумела чаму: яшчэ зусім нядаўна бацькі вадзілі сыноў у дзіцячы садок, праводзілі ў школу, а сёння бачаць іх дарослымі, гатовымі служыць Радзіме. Служыце годна, каб мы ганарыліся вамі. Удачы, цярпення і лёгкіх салдацкіх будняў! -- сказала Таццяна.
Так, Марк Навамейскі пасля заканчэння Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа ў бліжэйшыя дні адправіцца служыць у 231 артылерыйскую брыгаду, якая дыслакуецца ў Бароўцы. Хлопец лічыць, што кожны малады чалавек павінен адслужыць у войску. Плануе за гэты час набыць новы вопыт і карысныя навыкі. Улад Лось сёлета атрымаў дыплом аб заканчэнні гэтай жа ўстановы, паспеў папрацаваць у СПФ «Заазер'е» ААТ «Віцебскі мясакамбінат» трактарыстам. Неўзабаве адправіцца ў 19-ю асобную гвардзейскую механізаваную брыгаду. Настрой пазітыўны, таму што лічыць: войска гартуе характар, шліфуе волю і, што немалаважна, прышчапляе карысныя звычкі. Сяргей Лазараў таксама выйшаў са сцен ЛГАТК і ў бліжэйшы час адправіцца ў пагранiчныя войскі. Як адзначыў будучы салдат, яго дзядзька служыў у гэтых войсках, дзяліўся ўражаннямі - і ўсе яны былі добрыя. Ведаю, што размеркавацца туды няпроста - аднаго здароўя недастаткова. Я рады, што апынуўся менавіта тут, - дзеліцца Сяргей.
Віншаванні прызыўнікам чаргаваліся з музычнымі нумарамі артыстаў раённага Дома культуры, якія былі цёпла сустрэты публікай. Ну што ж, шчаснай службы, хай гэты год ці паўтара праляцяць для вас хутка!
Наталля Храпавіцкая. Газета «Лепельскі край»