Настрой выдатны:на Лепельшчыне праходзіць цэнтралізаваны экзамен

27.05.2024

Настрой выдатны:на Лепельшчыне праходзіць цэнтралізаваны экзамен

Навучэнцы 11-х класаў здаюць прадмет на выбар. Лепельчане здаюць ЦЭ на базе Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. 

Адразу заўважаем, падышоўшы да ўстановы адукацыі, што тут арганізавана дзяжурства медыцынскага персаналу, супрацоўнікаў РАУС і РАНС.

Як адзначыла намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Лясун, распараджэннем старшыні Лепельскага райвыканкама ад 15.05.2024 года № 160р прызначаны адказныя асобы і вызначаны неабходныя меры для арганізаванага правядзення ЦЭ і стварэння бяспечных умоў для навучэнцаў.

17 мая праведзена арганізацыйная нарада пры намесніку старшыні райвыканкама з удзелам кіраўніцтва каледжа, аддзела па адукацыі, цэнтра для забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый, РАУС, РАНС, ЦРБ, ТЦСАН.

У дні правядзення экзамену на тэрыторыі пункта правядзення ЦЭ арганізавана дзяжурства супрацоўнікаў ДАІ для бесперашкоднай дастаўкі навучэнцаў на іспыт і назад. Таксама працуе для рабят буфет.

Усе мерапрыемствы па падрыхтоўцы і правядзенні ЦЭ ажыццяўляліся аддзелам па адукацыі і каледжам у поўным аб'ёме. Правядзенне ЦЭ на пункце забяспечваюць 55 работнікаў, якія маюць допуск у пункт правядзення іспыту. Цэнтралізаваны іспыт здаюць 148 навучэнцаў з 7 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна. З іх 145 - школьнікі і 3 - экстэрны. Сёння ЦЭ праходзіць па фізіцы, матэматыцы, хіміі, біялогіі, англійскай мове, гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі і грамадазнаўству. 30 мая пройдзе ЦЭ па рускай і беларускай мовам.

Сертыфікаты аб праходжанні цэнтралізаванага іспыту Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў плануе выдаваць з 12 чэрвеня.

Ва ўсіх дзяцей добры настрой. Усміхаюцца, размаўляюць.

— Уражанні ў мяне станоўчыя. Сёння здавала іспыт па англійскай мове. На мой погляд, заданні ў цэнтралізаваным іспыце былі не складаныя, таму ЦЭ аказалася нашмат лягчэй, чым я меркавала, - адзначыла навучэнка СШ №3 г. Лепеля Паліна Мурашка.

Хочацца адзначыць, што Паліна прымае актыўны ўдзел у жыцці школы, услаўляе яе сваімі вынікамі як на раённым, так і абласным узроўнях.

— Настрой добры, пытанні былі не складаныя, усё даступна і зразумела. Атмасфера на іспыце таксама была прыязная. Рыхтаваўся да іспыту, таму хвалявання не адчуваў, - падзяліўся меркаваннем Іван Голец з СШ №3.

Авеліна Вострыкава з Заслонаўскай сярэдняй школы Лепельскага раёна таксама выйшла з усмешкай на твары: 

- Хваляванне адразу прысутнічала, але зусім нядоўга. Калі пачала адказваць на пытанні, а здавала я грамадазнаўства, пагрузілася цалкам у прадмет. Складанасцяў не было, ды і ўсмешкі настаўнікаў падбадзёрвалі нас на выпрабаванні.