Новая кніга пра нашага легендарнага земляка - ужо ў Лепелі!

02.02.2026

Новая кніга пра нашага легендарнага земляка - ужо ў Лепелі!

У Віцебску выйшла ў свет унікальная кніга - першае вялікае даследаванне пра жыццё Міхася Кусцінскага, вядомага лепельскага гісторыка, археолага і фатографа. Аўтар - віцебскі мастацтвазнаўца Людміла Хмяльніцкая.

На 200 старонках - падрабязны расказ пра лёс нашага выдатнага земляка, яго ўклад у вывучэнне Падзвіння. Тэкст дапоўнены багатым ілюстрацыйным матэрыялам: фатаграфіі, дакументы, многія публікуюцца ўпершыню!

Цікавасць да асобы Кусцінскага асабліва адрадзілася ў пачатку 2000-х, калі пра яго загаварылі на "Лепельскіх чытаннях" і яго спадчынай зацікавіліся вядучыя беларускія навукоўцы.

Тыраж кнігі - усяго 40 экзэмпляраў, што робіць яе сапраўднай рэдкасцю. І адзін з гэтых экзэмпляраў ужо перададзены ў фонды Лепельскага краязнаўчага музея!

Так што цяпер у кожнага ёсць магчымасць пазнаёміцца з гэтым выданнем асабіста - прыходзьце ў музей, каб даведацца больш пра чалавека, чыё жыццё было прысвечана нашай зямлі.