Моцныя студзеньскія снегапады далі старт рэспубліканскай акцыі "Эстафета дабра"

04.02.2026

Моцныя студзеньскія снегапады далі старт рэспубліканскай акцыі "Эстафета дабра"

Валанцёры БРСМ адпраўляюцца да людзей срэбнага ўзросту, каб дапамагчы ім ачысціць вуліцы і двары ад снегу

Лепельскія актывісты таксама не засталіся ўбаку ад добрай справы. Ініцыятыўныя дзеці аказваюць дапамогу ветэранам вайны і працы, адзінокім і адзінока пражываючым пажылым людзям. Валанцёры праводзяць працоўныя дэсанты па ўборцы снегу з прыдамавых тэрыторый, дапамагаюць бабулям і дзядулям у побыце.

Так, напрыклад, актывісты атрада "Добрае сэрца" з аграрна-тэхнічнага каледжа пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Святланы Стэльмах і першага сакратара РК ГА "БРСМ" Кацярыны Бараноўскай сёння наведалі Эмілію Данілаву. Эмілія Мечаславаўна - ветэран працы каледжа, якая адпрацавала тут больш за 20 гадоў.

- Як жа добра, што на дапамогу прыходзіць моладзь, якая не забывае пра ветэранаў. Дай Бог усім хлопцам здароўя і каб іх сэрцы заставаліся такімі ж добрымі заўсёды, - адзначыла Эмілія Мечаславаўна.

Дарэчы, падобныя ініцыятывы БРСМ у зімовы перыяд сталі ўжо добрай традыцыяй.