Старт рэспубліканскай дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" афіцыйна дадзены ў Лепельскім раёне

16.12.2024

Старт рэспубліканскай дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" афіцыйна дадзены ў Лепельскім раёне

Першым у чарадзе добрых спраў стала ўручэнне мультыборда дзяржаўнай установе адукацыі "Сярэдняя школа №3 г. Лепеля". Сучасная тэхніка зробіць навучальны працэс цікавей і больш эфектыўным, а частка работы педагогаў - прасцей.

Такі важны і вялікі падарунак школе перадаў кіруючы актыў закрытага акцыянернага таварыства "Дабраном". Цырымонія ўручэння мультыборда стала вялікім святам для ўстановы. Сёння тут сабраліся прадстаўнікі раённай улады, педагогі і навучэнцы школы, і вядома, тыя, хто выступіў у ролі чараўнікоў - прадстаўнікі прыватнай кампаніі.

- Віншаваць дзяцей і ўручаць падарункі ў рамках акцыі "Нашы дзеці" стала добрай традыцыяй. Кожны з нас разумее, што тая дабрыня і ўвага, якія мы дорым нашым хлопцам, назаўжды захоўваюцца ў іх душах і ўплываюць на іх далейшае станаўленне. У рамках акцыі на Лепельшчыне мерапрыемстваў будзе вельмі шмат, ні адно дзіця не застанецца без увагі і падарункаў, - запэўніў кіраўнік раёна Міхаіл Кісялевіч.

Са словам у адказ выступіла прадстаўнік ЗАТ "Дабраном" Святлана Спічонак.

Быць датычнымі да добрай справы, пацвярджаць сваё сяброўства і супрацоўніцтва з Лепельскім раёнам нашай кампаніі асабліва прыемна. Няхай наш падарунак стане верным памочнікам у адукацыйным працэсе для лепельскіх школьнікаў.

У бліжэйшы час у нашай стужцы навін будзе шмат прыгажосці, усмешак і дабра. Акцыя працягнецца да 15 студзеня 2025 года.