Сустрэча чалавека дзіўнага лёсу Аляксея Талая прайшла сёння з педагогамі і навучэнцамі гімназіі нашага горада

10.10.2024

Сустрэча чалавека дзіўнага лёсу Аляксея Талая прайшла сёння з педагогамі і навучэнцамі гімназіі нашага горада

Гэта беларус са сталёвым характарам і сілай волі, чыстым сэрцам і шчырым імкненнем дапамагчы тым, каму патрэбна дапамога. Прайшоўшы выпрабаванні, якія цяжка нават уявіць, ён дабіўся ў жыцці большага, чым многія людзі, якія не маюць праблем са здароўем.

Матывацыйны трэнер і бізнесмен, вядомы паралімпіец, шматразовы рэкардсмен свету і Еўропы па плаванні. Яго ведае ўвесь свет і за яго на спаборніцтвах "трымае кулачкі" ўся Беларусь. Акрамя гэтага, Аляксей - любячы муж і бацька.

Выступаючы перад удзельнікамі сустрэчы, ён расказаў пра тое, як знайшоў у сабе сілы жыць, змагацца і перамагаць, любіць і радавацца кожнаму дню. Аляксей Талай усім сваім жыццём увасабляе прынцып: "Усё залежыць толькі ад цябе самога".

Асабліва ўразіў хлопцаў і прымусіў шмат аб чым задумацца шчыры і душэўны аповед Аляксея пра любоў да бацькоў, пра каштоўнасці сямейнага жыцця, пра тое, як важна мець сваё ўласнае меркаванне і не паддавацца на спакусы, умець шанаваць тое, што маеш, знаходзіць у сабе сілы дасягаць пастаўленых мэт.