У Лепелі прайшоў маладзёжны форум

16.12.2021

У Лепелі прайшоў маладзёжны форум

У Лепелі адбыўся традыцыйны раённы маладзёжны форум «Наша моладзь - старт у будучыню». Навошта ён патрэбен, падумаюць многія, у тым ліку і самі маладыя спецыялісты. Аднак стаўшы яго ўдзельнікамі ці проста сведкамі, скептыкі адкажуць: «Ён патрэбен, каб даведацца, чым жыве і дыхае месца, дзе пачынаецца прафесійны шлях, хто і як дапаможа вырашыць жыллёвае пытанне, якія магчымасці ёсць у маладога спецыяліста?»

Гэтыя і іншыя пытанні не засталіся без адказу. Удзел у маладзёжным форуме прынялі каля 45 учорашніх студэнтаў, якія прыбылі па размеркаванні ў Лепельскі раён. У гэтым годзе спіс юных кадраў папоўніўся прадстаўнікамі абсалютна розных сфер – аховы здароўя, прамысловасці, адукацыі, эканомікі, культуры. Частка з іх - карэнныя лепельчане, а яшчэ большая частка - выхадцы з Мінска, Віцебска, Полацка, Гродзенскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей і нават суседняй дзяржавы - Расіі.

Сустрэлі гасцей, як заўсёды, у найлепшых традыцыях Лепельшчыны. І тут няма месца ліслівасці, толькі факты рэальнага назірання. Першымі ўдзельнікаў форума прывіталі прадстаўнікі мясцовай улады ў зале паседжанняў раённага выканаўчага камітэта. Віктар Азаронак, намеснік старшыні райвыканкама, Алена Барадзейка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама Алена Лейко, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай працы - гэтыя людзі сказалі першае слова ў адрас гасцей і настроілі аўдыторыю на прадуктыўную і адкрытую гутарку.

Не затрымліваючыся на пленарнай частцы, маладыя спецыялісты былі запрошаны на аглядныя экскурсіі па аб'ектах Лепельшчыны. Першым пунктам маршруту стала будоўля новага шматкватэрнага жылога дома па вуліцы Калініна, затым гасцей сустрэлі ў ДЛГУ «Лепельскі лясгас», а ў канцы маршруту апынуўся Цэнтр сацыяльна-працоўнай, сацыяльна-бытавой і фізічнай рэабілітацыі інвалідаў. Усе аб'екты для наведвання былі абраны не выпадкова - кожны з іх стаў добрым прыкладам рэалізацыі сацыяльных праграм у раёне і паспяховага рашэння кадравых пытанняў моладзі.

Гаварыць пра самі аб'екты можна шмат, бо ім сапраўды ёсць, чым ганарыцца. Спынімся на цікавых фактах у дзень правядзення форума. Так, пад час наведвання Лепельскага лясгаса маладым спецыялістам было прапанавана сабраць вялікі драўляны пазл з выявай нацыянальнага флага Беларусі і надпісам «Мы разам». А цэнтр рэабілітацыі інвалідаў прапанаваў гасцям ацаніць свой новы напрамак - працу міні-кафэ пры кулінарнай майстэрні. Хлопцаў сустрэлі багата накрытым сталом са свежай выпечкай і гарачай гарбатай. Па словах кіраўніцтва цэнтра, прадукцыя міні-кафэ на днях будзе даступна для ўсіх лепельчан.

Завяршэннем маладзёжнага форуму стала правядзенне дыялогавай пляцоўкі ў зале пасяджэнняў райвыканкама. Менавіта там адбылася, што называецца, размова па душам. Да ўдзелу ў размове далучыліся і іншыя прадстаўнікі ўлады, а менавіта Уладзімір Пенін, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама, а таксама Міхаіл Кісялевіч, кіраўнік Лепельскага раёна. Таксама ўдзельнікамі дыялогу сталі прадстаўнікі служб і духавенства.

Калі ў Лепелі будзе басейн і нават лядовая пляцоўка? Якая даплата да заработнай платы павінна ажыццяўляцца для маладых спецыялістаў? Куды звяртацца для вырашэння жыллёвага пытання? Гэтыя і іншыя пытанні прагучалі ад удзельнікаў форума. На кожны быў дадзены пэўны адказ.

Прыемна адзначыць, што ўчорашнія студэнты не толькі пыталі, прасілі ці нават скардзіліся, але і дзякавалі. Дзякавалі за цёплы прыём, за адкрытасць і душэўнасць жыхароў Лепельшчыны, за чысціню і парадак на вуліцах горада і раёна.

http://www.lepel-kraj.by/v-lepele-proshel-molodezhnyj-forum/