У лепельскіх гоншчыкаў 100 балаў і першае месца ў рэспубліцы

28.07.2023

У лепельскіх гоншчыкаў 100 балаў і першае месца ў рэспубліцы

У Стайках Мінскага раёна адбыўся 4 этап першынства Рэспублікі Беларусь па картынгу, у якім таксама прынялі ўдзел лепельскія спартсмены.

Дабротная траса і высокі ўзровень арганізацыі ў Прылессе заўсёды прыцягваюць пілотаў не толькі з Беларусі, але і Расіі. Так і на гэты раз за лідэрства ў першынстве змагаліся гоншчыкі з Магілёва, Мінска, Масквы і іншых гарадоў Расійскай Федэрацыі і Беларусі.
Калі гаварыць пра ўмовы надвор'я ў выхадныя дні, калі праходзіла спаборніцтва, то яны былі не самыя лепшыя. Гэта я яшчэ мякка сказала. Нябесная канцылярыя, мусіць, моцна гневалася, асабліва ў суботні дзень. Ішоў дождж, часам нават лівень, часам былі моцныя парывы ветру. Уяўляю, як балельшчыкі перажывалі за сваіх спартсменаў, калі сачылі за гонкамі. Прыкрыя памылкі, вылеты з трасы, сутыкненні - усё гэта назіралася на працягу ўсяго спаборніцтва. Трэба сказаць, што мокры асфальт для некаторых рабят стаў нават сапраўднай трагедыяй - былі паломкі, пасля якіх пілоты проста не змаглі вярнуцца на трасу. Але ўсё гэта не пра нашых мэтанакіраваных землякоў - у іх настрой быў на перамогу!
Вядома тыя, хто картынгам займаецца даўно, ведаюць, што спаборніцтвы праводзяць у любое надвор'е. Ім не перашкода дождж, спякота, моцны вецер... Спартсмен павінен умець падладжвацца пад розныя ўмовы надвор'я. “Мяняеш гуму, садзішся ў карт - і на трасу! Гоншчык павінен умець ездзіць у любое надвор'е!” - так кажуць упэўненыя ў сабе спартсмены.
Даўжыня трасы складала 1279 метраў, шырыня - ад 8 да 12 метраў. На такі дыстанцыі хапала і прамой дарожнай артэрыі, дзе можна было разагнацца ў волю, і тэхнічных паваротаў рознай складанасці, дзе трэба было здолець прытармазіць і апярэдзіць суперніка, а затым ізноў разагнацца. Словам, поўны набор выпрабаванняў, каб адчуць драйв.
Прыемна адзначыць, што пасля старанняў удзельнікаў патрапіць у першы радок пратакола каманднага заліку, там усё ж аказаліся нашы хлопцы. Агульная сума балаў іх склала 100. У першую чаргу хочацца адзначыць Станіслава Дзівіна, які ў перадфінальным і фінальным заездах заняў 1 месца, набраўшы 12,5 і 25 ачкоў адпаведна. Хлопец выступаў у класе "Формула-250" і абышоў усіх супернікаў, і нават упэўненых чэмпіёнаў.
Да гэтага Стас выступаў у RM Junior, але сёлета перайшоў у больш даступны клас. Можна сказаць, гэта была ягоная дэбютная перамога.
Самае цікавае, што ў другі дзень фіналу ён доўгі час змагаўся з Уладзіславай Яроменкай, якая таксама прадстаўляла наш раён і ў выніку прынесла камандзе прыстойныя балы. У перадфінальным заедзе ў класе "Формула-250" дзяўчына заняла 2 месца, у фінальным - чацвёртае. Мікіта Лук'янаў ужо на працягу некалькіх гадоў паказвае выдатныя вынікі на рознага роду трасах, і на гэты раз таксама апынуўся на вышыні. У класе "Micro Max" у перадфінальным заездзе юны спартсмен апынуўся на 3 прыступцы пастамента, у фінальным -- на 2-й. Богдан Смажэўскі таксама ганяў у “Micro Max”. І няхай на пераможны рытм у гэты раз ён не выйшаў, але сваёй камандзе прынёс патрэбныя ачкі і дапамог стаць лідэрам у рэспубліцы.
Віншуем нашых чэмпіёнаў і жадаем у жніўні ў 5-й і 6-й этапах чэмпіянату і першынства Беларусі не знізіць планку і не саступіць лідэрства іншым камандам. Мы ганарымся вамі, нашыя спартсмены!



Наталля Храпавіцкая "Лепельскі край" https://lepel-kraj.by/novosti/sport/u-lepelskih-gonschikov-100-ballov-i-pervoe-mesto-v-respublike-27-07- 2023