Поспеху ў жыцці і прафесіі нельга дасягнуць у адзіночку - так лічыць Анатоль Залатуха

11.02.2026

Поспеху ў жыцці і прафесіі нельга дасягнуць у адзіночку - так лічыць Анатоль Залатуха

Поспеху ў жыцці і прафесіі нельга дасягнуць у адзіночку – так лічыць дырэктар камунальнага ўнітарнага прадпрыемства "Салют-Агра" Анатоль Залатуха. Днямі стала вядома выдатная навіна - Анатоль Леанідавіч стаў лаўрэатам ганаровага звання "Чалавек года Віцебшчыны". - Такое прызнанне, вядома, прыемна. Праца заўважана і высока ацэнена, хоць, прызнацца шчыра, не дзеля гэтага мы працуем. У першую чаргу, для камфорту людзей, - сціпла прызнаецца герой матэрыялу. Анатоль Залатуха - чалавек заняты. Спяшацца, працаваць, дапамагаць, дзейнічаць і ствараць - гэта яго жыццёвае крэда. У свой час мужчына працаваў токарам, інструктарам фізічнай культуры і спорту, займаў кіруючыя пасады ў камунальнай гаспадарцы, абіраўся дэпутатам. Дзе б ён ні працаваў, у прыярытэце для яго заўсёды былі людзі, іх камфорт, рашэнне праблем і клопат пра тых, хто ў гэтым асабліва мае патрэбу. - 10 гадоў быў на пасадзе старшыні Стайскага сельвыканкама, ведаю кожны куток гэтага краю. Ды і вырас я тут, у Стаях. Дарагое сэрцу месца. Ніколі не думаў з'ехаць, або перабрацца ў горад. Тут жа ўсё жыццё! - распавядае суразмоўца.

Зараз, на пасадзе дырэктара КУПа, Анатоль Леанідавіч працягвае праяўляць свае самыя высакародныя якасці: спагадлівасць, працавітасць, уменне прыйсці на дапамогу і выручку.

- Тэрыторыя абслугоўвання КУПа - Стайскі сельсавет, а гэта ні многа ні мала 40 вёсак і каля 2 тысяч жыхароў. Дарэчы, гэта самы вялікі сельсавет у Лепельскім раёне. Многія людзі ўсё ж прывыклі працаваць на зямлі, вырошчваць сваю гародніну і збожжа, таму праца для "Салют-Агра" заўсёды знойдзецца. Па памерах ўчасткі розныя. У сярэднім - каля 15-16 сотак. Але ёсць і буйней - каля 2 гектараў. Уборка збожжавых, збор малака, акоска тэрыторый, Вываз смецця з сельскіх могілак, расчыстка вуліц ад снегу - аказваемых паслуг дастаткова, - дадаў дырэктар прадпрыемства Анатоль Залатуха.

Анатоль Леанідавіч - прыклад чалавека, які вырас на вёсцы, які не баіцца працы і ведае, што такое шчырая дапамога. Мужчына шчаслівы, і гэта відаць па яго вачах і шырокай усмешцы. Наш зямляк разам з жонкай выхаваў траіх дзяцей, дапамагае гадаваць унучак. Шчасце, калі ўсе дома. Вось такі ён, наш чалавек года Віцебшчыны!