За 30 кіламетраў ад Лепеля размясцілася ціхая і па-свойму маляўнічая вёска Фатынь

08.12.2025

За 30 кіламетраў ад Лепеля размясцілася ціхая і па-свойму маляўнічая вёска Фатынь

Населены пункт знаходзіцца на тэрыторыі Баброўскага сельсавета і, як усе вёскі рэгіёну, мае ўнікальную гісторыю - са сваёй культурнай і прыроднай спадчынай, працавітымі жыхарамі і дружнымі сем'ямі

Ёсць у летапісе Фатынi і змрочныя старонкі. Звязаныя яны, вядома, з самай кровапралітнай у гісторыі чалавецтва вайной. Калі ў пачатку вёскі павярнуць направа, прайсці некалькі метраў, то можна натрапіць на брацкую магілу савецкіх салдат. 7 прозвішчаў, 7 жыццяў, 7 ахвяр у імя міру і Перамогі.

Днямі ля абноўленага помніка прайшоў мітынг-рэквіем. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі мясцовай улады, пракуратуры Лепельскага раёна, грамадскага аб'яднання "Белая Русь", педагогі Бароўскай сярэдняй школы, члены ваенна-патрыятычнага клуба "Кананір", навучэнцы Баброўскай пачатковай школы. Да прысутных звярнуўся старшыня Баброўскага сельвыканкама Анатоль Купрэвіч.

- Хачу выказаць словы падзякі ўсім, хто ўдзельнічаў у аднаўленчых работах, зрабіў гэты вялікі ўклад у захаванне гістарычнай памяці. Гэта месца сапраўды святое для кожнага з нас, для падрастаючага пакалення. Верай, праўдай і ўласнай працай мы павінны забяспечыць шчаслівую будучыню нашых дзяцей і ўнукаў. І менавіта на гэтых святых месцах смутку і нязломнай волі народа мы падсілкоўваем свае сілы і фарміруем імунітэт для таго, каб змагацца за нашу будучыню і свабоду краіны, - сказаў Анатоль Уладзіміравіч.

Асаблівую значнасць правядзення такіх сустрэч адзначыў пракурор Лепельскага раёна Віталь Жыгімонт: "Калі мы хочам жыць у квітнеючай краіне, са сваімі ўласнымі каштоўнасцямі, поглядамі і ідэямі, трэба не забываць сваю гісторыю, тыя асновы, якія не дазволяць паўтарыцца страшным падзеям. Таксама сёння вельмі важная пераемнасць пакаленняў як праява чалавечай сілы, упэўненасці ў сваёй будучыні. Калі моладзь будзе памятаць несмяротны подзвіг народа, наша краіна зможа выстаяць перад любымі выклікамі сучаснасці".

Працягнула тэму дырэктар Бароўскай сярэдняй школы Дыяна Мысіна, якая адзначыла: "Памяць – гэта аснова пабудовы будучыні, у якой квітнеюць мір і бяспека. А навядзенне парадку і добраўпарадкаванне месцаў пахавання воінаў-вызваліцеляў, памятных месцаў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, у год святкавання 80-годдзя Вялікай Перамогі - даніна павагі героям, якія адстаялі для нас мір і свабоду. Асабліва важна перадаваць гэтую праўду і памяць нашым дзецям!".

Сустрэча ля абноўленага помніка на брацкай магіле ў вёсцы Фатынь сімвалізуе вечную падзяку героям, якія адстаялі мір і свабоду. Старшыня Баброўскага сельвыканкама выказаў словы падзякі ўдзельнікам цырымоніі, а таксама ўсім датычным за праведзеныя маштабныя рамонтныя работы і добраўпарадкаванне тэрыторыі месца святой памяці.

- Гэты помнік - не толькі даніна павагі, але і заклік будучым пакаленням. Мiр далікатны, а яго абарона – наша агульная адказнасць, - адзначыў Анатоль Купрэвіч.

На заканчэнне мітынгу землякі ўсклалі гірлянду і кветкі да брацкай магілы.