У калектывах Лепельскага раёна працягваюцца сустрэчы ў рамках работы інфармацыйна-прапагандысцкіх груп

13.03.2025

У калектывах Лепельскага раёна працягваюцца сустрэчы ў рамках работы інфармацыйна-прапагандысцкіх груп

Сёння гутарка па тэме "Вынікі пяцігодкі як аснова стратэгіі паспяховага развіцця нашай краіны" прайшла ў калектыве ДРБУ-202 КУП" Віцебскаблдарбуд".

Да лепельчан прыбылі намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Латышаў, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Алена Пруская, а таксама старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ аддзела ўнутраных спраў Вадзім Седзін.

У сваім выступленні перад землякамі Мікалай Латышаў падрабязна спыніўся на дасягненнях Беларусі за апошнія гады, а таксама Лепельшчыны ў прыватнасці.

- Упэўнены, кожны жыхар нашага раёна заўважае, як зменьваецца наш край. Рамонт дарог, добраўпарадкаванне месцаў адпачынку, мадэрнізацыя і ўзвядзенне аб'ектаў — якасць жыцця па ўсіх напрамках імкліва расце, і гэта, безумоўна, заслуга працавітых грамадзян нашага раёна. У Год добраўпарадкавання на Лепельшчыне не менш грандыёзныя планы, аднак важна памятаць, што ў гэтай рабоце неабходны ўклад кожнага чалавека, — пазначыў намеснік старшыні райвыканкама.

Алена Пруская нагадала супрацоўнікам прадпрыемства аб тым, што гэты тыдзень у нашай краіне праходзіць пад эгідай святкавання Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які адзначаецца 15 сакавіка. З гэтым важным для беларусаў днём звязаны добрыя традыцыі, найгалоўная з якіх — уручэнне пашпартоў юным грамадзянам краіны. Менавіта такія ўрачыстыя мерапрыемствы гэтымі днямі праходзяць і на Лепельшчыне.

Пра важнасць выканання правілаў дарожнага руху нагадаў Вадзім Седзін. Выкарыстанне святлоадбівальных элементаў у цёмны час сутак, недапушчальнасць кіравання транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап'янення, правільнасць выкарыстання сродкаў персанальнай мабільнасці — на гэтых тэмах старшы дзяржаўтаінспектар зрабіў асаблівы акцэнт.

Традыцыйна сустрэча суправаджалася пытаннямі з аўдыторыі ў адрас членаў ІПГ. Вулічнае асвятленне, пасажырскія перавозкі, рамонт дарог, добраўпарадкаванне, рамонт спартыўных аб'ектаў — пытанні па гэтых тэмах гучалі з залы.