"Забаронены плод" з пажыццёвымі наступствамі: дыялогавая пляцоўка аб наркаманіі сабрала экспертаў у Лепельскай школе

02.12.2025

"Забаронены плод" з пажыццёвымі наступствамі: дыялогавая пляцоўка аб наркаманіі сабрала экспертаў у Лепельскай школе

На базе сярэдняй школы №1 г. Лепеля адбылася адкрытая і жорсткая гутарка са старшакласнікамі раёна аб адной з самых вострых праблем сучаснасці — наркаманіі. На дыялогавую пляцоўку "Наркаманія. Наступствы. Адказнасць" прыйшлі тыя, хто штодня сутыкаецца з наступствамі гэтага зла: пракурор, міліцыянеры, урачы.

Іх мэта - не запалохаць, а даць падлеткам праўдзівую карціну таго, як адно няправільнае рашэнне можа зламаць жыццё.

Вось галоўныя тэзісы, якія павінен пачуць кожны падлетак і бацькi:

"Лёгкія грошы" - цяжкія тэрміны. "Закладчыкі", "графітчыкі", "спорцікі" — за гэтым стаяць не долары, а рэальныя крымінальныя артыкулы і да 20 гадоў пазбаўлення волі. Анатоль Бурмістраў, начальнік ІСН, заклікаў да асабістай адказнасці за кожны свой крок.

"Лёгкія" наркотыкі - цяжкія дыягназы.Урач-нарколаг Марк Шамсутдзінаў, псіхіятр-нарколаг развеяў міф пра "бяспечныя рэчывы" і прывёў шакавальныя звесткі: 60% спажыўцоў марыхуаны атрымліваюць псіхіятрычныя дыягназы, 40% з іх - шызафрэнію.

Арганізм пад ударам. Урач-валеолаг Вольга Жарнасек нагадала: наркотыкі б'юць па імунітэце, печані, рэпрадуктыўнай сістэме, ператвараючы чалавека ў інваліда.

Кульмінацыяй сустрэчы стала выступленне пракурора Лепельскага раёна Віталя Жыгімонта. Ён не стаў абмяжоўвацца словамі, а правёў наглядны эксперымент, які паказвае, як выкарыстоўваючы наіўнасць і цікаўнасць падлеткаў, імі могуць маніпуляваць зламыснікі.

Што рабіць?

Не падымаць падазроныя скруткі на вуліцы!

Адмовіцца ад прапаноў "лёгкага" заробку ў сетцы.

Выбіраць асяроддзе і не саромецца казаць "не".

Паведамляць аб падазроным у міліцыю па нумары 102.