Главная / Новости / Новости района

Уборочная кампания на Лепельщине началась с сурепицы

16.07.2021

Навіна аб тым, што ў ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс” (былое ААТ “Лядна”) зернеўборачны камбайн будзе рабіць першы выезд на поле, стала для аўтара шокам. Куды? Што жаць будзе? Што магло паспець у гэтую пару?

— Азімую свірэпіцу, — сказаў галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Кудзін.

Шаноўны чытач, не варта палохацца з такой суровай назвы – свірэпіца, так называецца крыжакветная алейная культура, вельмі падобная на рапс. Як і ў рапсе, галоўнай прадукцыяй вырошчвання свірэпіцы лічыцца яе дробнае зерне, з якога на алеяэкстракцыйным заводзе выціскаюць алей.

Пры правільным вырошчванні, пры несумненным выкананні тэхналогіі свірэпіца, як і рапс, можа прыносіць 10-30 працэнтаў рэнтабельнасці. Гэта значыць, што кожныя ўкладзеныя 100 рублёў пасля рэалізацыі насення акупляюцца і прыносяць яшчэ ад 10 да 30 рублёў прыбытку. Аднак гэта магчыма пры выкананні шэрагу ўмоў: своечасовай апрацоўцы глебы, сяўбе, пры выкарыстанні якаснага насення, пры ўнясенні ў дастатковай колькасці хімпрэпаратаў: гліфасатаў, гербіцыдаў, пестыцыдаў, мінеральных угнаенняў. І вось з апошнім, як паказвае практыка апошніх дзесяцігоддзяў, у сельгасарганізацыях пастаянна ўзнікаюць цяжкасці. Дакладней, з грашыма на набыццё хіміі. Дададзім яшчэ, што не заўсёды і ўмовы надвор’я спрыяюць добраму росту і выспяванню крыжакветных. Асабліва ўразлівыя расліны зімой, калі яны могуць змерзнуць пры адсутнасці снегавога покрыва, што ў апошнія гады таксама нярэдка назіраецца. Такім чынам, варта канстатаваць, што азімая свірэпіца на палетках ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс” дала ўраджай ніжэй за сярэдні, як кажуць, толькі б расходы на вырошчванне акупіць.

Так, пачатак ліпеня ўсё ж такі даволі ранняя пара для таго, каб пачынаць уборку нават такой ранняспелай культуры, як азімая свірэпіца. Аднак у такім парадку работ ёсць і свая жалезная логіка. Гаспадарка мае ў асноўным зношаны, выпрацаваны парк зернеўборачных камбайнаў, пры гэтым нагрузка на кожную асобную машыну даволі вялікая. Таму, чым раней пачаць жніво, тым больш верагоднасць, што яго ўдасца паспяхова завяршыць, не зацягваючы спрыяльныя тэрміны. Тым больш, што сёння спёка, а праз два-тры тыдні, калі пачнецца масавае жніво, – невядома, які сюрпрыз падкіне “нябесная канцылярыя”.

Аграсэрвісу вельмі пашанцавала, восенню мінулага года яму ўдалося набыць новы камбайн “Палессе GS-12-A1”, яго даручылі аднаму з самых вопытных механізатараў гаспадаркі Сяргею Маліноўскаму, памочнікам у яго працуе сын Артур. Нават нягледзячы на тое, што тэхніка абсалютна новая, мужчыны некалькі дзён няспешна, метадычна рыхтавалі яе да працы: падключалі механізмы, у першую чаргу жняярку з рапсавым сталом, змазвалі, рэгулявалі.

Усяго ў аграсэрвісе пад азімую свірэпіцу адведзена каля 50 гектараў, яшчэ столькі ж – пад азімы рапс. Для аднаго новага камбайна на тыдзень-паўтара працы, зноў жа няспешнай, метадычнай, якраз, каб правесці абкатку. Астатнія камбайны за гэты ж час таксама будуць даведзены да ладу, падрыхтаваны да ўборкі збожжавых.

Сяргей, як камбайнер з ужо больш, як 15-гадовым стажам, расказвае:

— Першую загонку адбіваю сярэднюю, гектараў на пяць-сем, не трэба адразу імкнуцца ахапіць усё поле. Па-першае, гэта даволі нязручна, па-другое, канфігурацыя палетка сама па сабе падказвае, што па частках убіраць яго зручней.

З першых метраў у бункер пасыпаўся намалот. Насенне свірэпіцы, калі яно добра выспела, цёмнае, амаль чорнае. Тут жа было шмат зярнятак зялёнага колеру.

— Нармальна, — кажа Сяргей, — у сушылцы насенне дойдзе да патрэбнай кандыцыі. А цалкам спелае і сухое насенне свірэпіцы, як і рапсу, мае непрыемную ўласцівасць. Варта яго яшчэ на сцябле хоць крануць, як стручок з трэскам раскрываецца, рассыпаючы зярняткі, з-за гэтага і страты пры абмалоце крыжакветных культур большыя, чым пры абмалоце збожжавых.

Прыехаў на поле і аграном.

— Так, — пагадзіўся Уладзімір Васільевіч, — свірэпіца сёлета не вельмі ўрадзіла. У першую чаргу таму, што нам не хапіла грошай на набыццё гліфасатаў і гербіцыдаў для хімпраполкі.

Між тым пад’ехаў і вадзіцель Аляксандр Лукін. Камбайнер, не чакаючы, пакуль наб’ецца поўны бункер, пад’ехаў і ссыпаў у кузаў машыны першыя цэнтнеры намалоту. Потым патлумачыў:

— Зерне сыраватае, таму лепш высыпаць яго патроху, каб не злежвалася ў бункеры. Бачыў аднойчы выпадак, калі зерне зляжалася настолькі, што выгрузны шнэк правярнуцца не мог. Давялося бункер уручную высыпаць, а гэта пяць тон!

Прыбыў на поле і бусел – самы галоўны аграном, як яго жартам называюць вяскоўцы. Прайшоў следам за канбайнам, злавіў некалькі жаб і мышэй ды паляцеў далей.

http://www.lepel-kraj.by/uborochnaya-kampaniya-na-lepelshhine-nachalas-s-surepicy/

Васіль МАТЫРКА.