У Лепелі правяраюць пункты прыёму часова адсяляемага насельніцтва
Што рабіць у выпадку надзвычайнай сітуацыі, куды бегчы, дзе размяшчацца, ад каго чакаць дапамогі? Адказ на гэтыя пытанні - у пункце прыёму часова адсяляемага насельніцтва. Як арганізавана работа ППЧАН у ДУА "Сярэдняя школа № 3 г. Лепеля", ацанілі падчас планавых вучэнняў.
У першую чаргу пры правядзенні мерапрыемстваў правяралася гатоўнасць пункта да прыёму часова адсяляемага насельніцтва, а таксама набыццё і ўдасканаленне кіруючым складам і персаналам пункта практычных навыкаў згодна са сваімі функцыянальнымі абавязкамі.
Зона прыёму і размяшчэння, пакой адпачынку, пакой маці і дзіцяці, медыцынскі пункт, пакой прыёму ежы, пакой аказання псіхалагічнай дапамогі - гэтыя і іншыя "астраўкі" ППЧАН былі прааналізаваны падчас візіту спецыялістаў. Адзначым, навучальныя мерапрыемствы прайшлі з удзелам Веранікі Хомбак, намесніка старшыні райвыканкама. Яна ж старшыня эвакуацыйнай камісіі пры райвыканкаме. Каардынацыю вучэнняў забяспечылі прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
У канцы мерапрыемства былі падведзены вынікі трэніроўкі, праведзены аналіз арганізацыі выканання мерапрыемстваў, прадугледжаных планам трэніроўкі, ацэнена ступень падрыхтоўкі адміністрацыі пунктаў прыёму часова адсяляемага насельніцтва.
- Любая трэніроўка дазваляе набрацца вопыту, наладзіць узаемадзеянне з зацікаўленымі службамі, кіраўнікам - навучыцца кіраваць сваімі рэсурсамі пры ліквідацыі надзвычайных сітуацый і іх наступстваў. Задачы, якія ўскладзены на МНС, ніхто не адмяняе - іх мы будзем выконваць у любы час і ў любое надвор'е. Разам з тым кожны грамадзянін краіны павінен ведаць і разумець, як дзейнічаць у той ці іншай надзвычайнай сітуацыі, - падсумаваў начальнік Лепельскага РАНС Іван Маскалькоў.