Наладкі
Наладкі шрыфта
Arial
Times New Roman
Памер шрыфта
A
A
A
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Паменшаны
Стандартны
Вялікі
Каляровая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лепельскі раённы выканаўчы камітэт

Турызм і адпачынак

ПАЛАЖЭННЕ Аб арганізацыі і правядзенні конкурсу міні-праектаў на атрыманне фінансавай падтрымкі ў рамках Праекта «Вада, прырода і людзі ў знікаючым ландшафце: развіццё ўстойлівага сельскага турызму ў Расіі і Беларусі». Фінансуецца Еўрапейскім саюзам.

Турызм

Лепельшчына – дзіўны край беларускай зямлі, размешчаны на поўдні Віцебскай вобласці. Тут дзіўным чынам перапляліся гістарычныя лёсы, культуры і традыцыі розных нацыянальнасцей - беларусаў, рускіх, палякаў, яўрэяў.

Лепельшчына славіцца сваімі азёрамі і лясамі. Незвычайна прыгожыя мясцовыя ландшафты ў любую пару года. Як магнітам прыцягвае першародная аўра тутэйшых месцаў майстроў пэндзля.

Багацце краю – лясы. Плошча зялёных караляў складае 96 тысяч га ці 53% тэрыторыі раёна. Блакітнымі артэрыямі арганічна працяты прасторы Лепельскай зямлі. Звыш 80 рэк і раўчукоў, нібы сетка маленькіх вен, пульсуюць пад шатамі прыбярэжных зараснікаў вербаў і чаромхі. Прырода, шчодрай рукой раскідаўшы па зялёным дыване больш за 130 бірузовых крышталяў азёр, тым самым давяршыла ўпрыгожванне Лепельшчыны. Самыя буйныя азёры – Лепельскае (плошча 10,18 кв.км.), Акона, Берашча, Варонь, Бабрыца, Цякліц, Якісіма.

Несумненна, галоўным упрыгожаннем прыроднай скарбніцы з'яўляецца Дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Бярэзінскі біясферны запаведнік» з цэнтрам у вёсцы Дамжэрыцы - найбуйнейшая навукова-асветніцкая ўстанова сусветнага значэння. Экасістэмы балот і чорнаальховых лясоў не маюць аналагаў не толькі ў Беларусі, але і на ўсім Еўрапейскім кантыненце. Бярэзінскі запаведнік насяляе 93 віды жывёл, у ім расце 86 відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Сярод іх такія рэдкія віды жывёл, як буры мядзведзь, зубр, рысь, беркут, барадатая (лапландская) няясыць, пугач, чорны бусел і інш., а сярод раслін - венерын чаравічак, касатык сібірскі, шпажнік (гладыёлус) чарапічасты, плаўн баранец і інш. Асаблівую цікавасць уяўляе абарыгенная папуляцыя бабра. На сёння агульная колькасць біялагічных відаў, якія насяляюць Бярэзінскі запаведнік, перавышае 6000. І гэта далёка не поўны спіс. Красамоўным прызнаннем унікальнасці ландшафтаў Бярэзінскага запаведніка служыць тое, што яму, у ліку першых запаведнікаў былога СССР, у 1979 годзе быў прысвоены статус біясфернага. Заслугі запаведніка ў захаванні глабальнай ландшафтнай і біялагічнай разнастайнасці ў 1995 годзе адзначаны Саветам Еўропы.

Раён багаты гісторыка-культурнымі помнікамі, што стварае добрыя ўмовы для развіцця турызму. На Лепельшчыне налічваецца 47 аб'ектаў гісторыка-культурных каштоўнасцяў рэгіянальнага значэння. Гэты спіс дастаткова шырокі, але ў першую чаргу, хацелася б адзначыць замчышча (XIV – XVI ст.) размешчанае на востраве насупраць вёскі Стары Лепель і руіны абарончых валоў крэпасці (XVI ст.) у в. Суша. Асаблівую архітэктурную каштоўнасць маюць такія помнікі дойлідства, як Царква Святой Параскевы пятніцы (1868) і Касцёл Святога Казіміра (1876) у Лепелі, а таксама будынак пошты (1902) і будынак былога вінаачышчальнага склада (1897) у цэнтры горада.

Актыўна на Лепельшчыне развіваецца аграэкатурызм. Дзейнічае турыстычны маршрут Greenways «Край жоўтых гарлачыкаў і сiвых валуноў», які адпавядае еўрапейскаму стандарту зялёных шляхоў. Паэтычная назва маршруту паходзіць ад гістарычных і прыродных асаблівасцей Лепельскага рэгіёну. Зялёны маршрут «Край жоўтых гарлачыкаў і сівых валуноў» распрацаваны для ўсіх, хто любіць прыроду і актыўны адпачынак, цікавіцца гісторыяй, культурай і этнаграфіяй беларускага народа.

Працягласць маршрута - 155 км. Асноўны від транспарту - ровары. Прадугледжаны лакальныя пешаходныя экалагічныя сцежкі і элементы водных паходаў. Галоўная вось маршруту: Лепель - Стары Лепель - Селішча - Акона - Барсукі - Юшкі - Вілы - Аношкі - Замошша - урочышча Добрая вада - Лацігалічы - Красналукі - Гогалеўка - Валасовічы - Полсвіж - Лепель. Водная частка маршруту праходзіць па рацэ Эса на працягу каля 20 км.

Пакрыццё дорагi на маршруце ў асноўным асфальтаванае, лясныя і вясковыя дарогі складаюць 10%.

Падчас займальнага падарожжа па Лепельшчыне турысты змогуць убачыць:
• Гарадзішча балцкіх плямёнаў I - IV стст.
• Каменныя крыжы ў в. Стары Лепель
• «Дрэва шчасця» і месца гнездзішча папуляцыі шэрай чаплі каля вёскі Акона;
• Каменныя крыжы і культавыя валуны – сімвалы дахрысціянскай эпохі, будынак бровара канец ХIХ стагоддзя, сярэднявечныя могілкі ў вёсках Валасовічы і Таранковічы;
• «Змеяў камень» каля вёскі Гогалеўка.


Тэматычныя завесы маршруту «Край жоўтых гарлачыкаў і сівых валуноў»:
• «Валуны – сведкі сівой даўніны»;
• «Бярэзінская водная сістэма»;
• «Археалагічная спадчына Лепельскай зямлі». (Гэты маршрут можа быць водным, пешым, веласіпедным, камбінаваным);
• «Помнікі прыроды Лепельшчыны»;
• «Азёры Лепельшчыны ў легендах і паданнях» (камбінаваны маршрут па азёрах рэгіёна).

Шырокая культурная праграма па шляху руху маршруту складаецца з канцэртаў, аўтэнтычных песень у выкананні фальклорнага ансамбля «Аконіца» ў вёсцы Акона, каляднай абрадавай гульні «Жаніцьба Цярэшкі», наведванне сялянскай фермерскай гаспадаркі «Люкшына», якая развівае традыцыйныя старабеларускія формы землекарыстання.



Лепельскі раён мае наступныя магчымасці для размяшчэння турыстаў: 3 гасцініцы - Гасцінічны комплекс «Плаўна», Гасцінічны комплекс «Сергуч», Гасцініца «Лепель» па адрасе: вул. Ульянка 65, Домікі рыбакоў і паляўнічых на тэрыторыі ДПУ «Бярэзінскі біясферны запаведнік»; санаторыі: ДУ «Лепельскі ваенны санаторый» узброеных сіл РБ на 347 месцаў і КУП «Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Жамчужына» 484 месца; пансіянат «ЛАДЭ»; Хаткі паляўнічага ДЛГУ «Лепельскі лясгас» на 12 месцаў, Хаткі паляўнічага ТАА Паляўнічая гаспадарка «Заранка» на 20 месцаў.




У Лепелі ёсць Дом культуры, рэстаран, тры бары, чатыры кафэ, паштовае аддзяленне, магазіны, два рынкі, аб'екты бытавога абслугоўвання.

Нядрэнна развіты прыдарожны сэрвіс, асабліва на цэнтральнай магістралі М-3 Мінск - Віцебск. Комплексы прыдарожнага сэрвісу «Гасціны двор», «У Мацешы», кафэ «Сем вятроў», бістро «Віраж», гандлёвыя кропкі з міні-кафэ ў н.п. Старое Лядна, Чарнаручча, Камень, Баброва і інш. На працягу ўсіх сетак дарог абсталяваны стаянкі для адпачынку. Працуюць аўтазаправачныя станцыi для запраўкі аўтатранспарту ўсімі відамі паліва.

Па тэрыторыі раёна праходзіць чыгуначная дарога Орша - Лепель, аўтамабільныя дарогі Мінск - Віцебск, Лепель - Полацк, Орша - Лепель, Лепель - Ула, Докшыцы - Лепель - Чашнікі.

Па ўсіх пытаннях, якія тычацца турызму ў Лепельскім раёне можна звяртацца ў «Інфармацыйна-турыстычны цэнтр» ДУ «ЛРФАЦ», які размяшчаецца па адрасе: горад Лепель, вул. Лабанка, 52 а. рэжым працы: з 8.00 да 17.00, абед з 13.00 да 14.00, выхадныя - субота, нядзеля.

ДПУ «Бярэзінскі біясферны запаведнік»

ДУ «Лепельскі ваенны санаторый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь»

КУП ДРАЦ «Жамчужына»

ДЛГУ «Лепельскі лясгас»

Паляўнічая гаспадарка «Заранка»

Пансіянат «Ладэ»