ААТ «Лепельскі МКК» не перастае цешыць насельніцтва любімым летнім дэсертам – марозівам. За май было выпушчана 97 тон асвяжальнага ласунка, за чэрвень – 94 тоны, паводле даных за 28 дзён ліпеня – 88 тон, аднак да жніўня лічба вырасце практычна да сотні.
Салодкая прахалода
ААТ «Лепельскі МКК» не перастае цешыць насельніцтва любімым летнім дэсертам – марозівам. За май было выпушчана 97 тон асвяжальнага ласунка, за чэрвень – 94 тоны, паводле даных за 28 дзён ліпеня – 88 тон, аднак да жніўня лічба вырасце практычна да сотні. Большую частку ад агульнай масы складае пломбір – самы высокакаларыйны са згаданых відаў.
Чытацкі інтарэс
Агароднікі, садоўнікі і хатнія гаспадыні цешацца выгадаваным ураджаем. Цяпер для іх першачарговая задача – зрабіць нарыхтоўкі. Па кулінарныя сакрэты яны звяртаюцца да спецыялізаваных выданняў. Паводле даных Цэнтральнай раённай бібліятэкі, попыт на такія часопісы, як «Агародзіч», «Кветнікі», «Гаспадар», «Сад маёй мары», «Сельская новь», «Сад і агарод», вырас у параўнанні з зімова-вясновым перыядам у пяць разоў. Асабліва часта іх пытаюцца жыхары вёсак, якія карыстаюцца паслугамі бібліобуса.
Дзеці адпачнулі
За два летнія месяцы ў дзіцячых лагерах раёна адпачыла 1143 дзіцяці. У чэрвені дзейнічалі дзённыя лагеры ў 18 установах. Яны занялі вольны час 620 дзяцей. Разам з імі працавалі профільныя лагеры на базе Бароўскай і Заслонаўскай школ. Адметнасць профільных ад кругласутачных – у працягласці адпачынку: у першых – дзевяць дзён, у другіх – васемнаццаць. У чэрвені кругласутачны лагер у Бароўцы прыняў 138, а ў ліпені – 173 чалавекі. У рэжыме нон-стоп прайшло сярэдзіна лета ў Матырыне. Там адпачыла 115 школьнікаў. У жніўні на базе Цэнтра дзяцей і моладзі яшчэ дваццаць рабят незабыўна правядуць час.
18660 турыстаў
Штогод палюбавацца першароднай прыгажосцю прыроды ў ДПУ «Бярэзінскі біясферны запаведнік» прыязджаюць тысячы турыстаў. За шэсць месяцаў 2013 года на яго тэрыторыі пабывалі васемнаццаць тысяч шэсцьсот шэсцьдзесят чалавек. З іх чатыры тысячы сто семдзесят – замежнікі. У параўнанні з папярэднім годам колькасць турыстаў з іншых краін павялічылася на 1200 чалавек.