31 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Рыцары з пяці краін дапамогуць Полацку ўзгадаць яго сярэднявечнае мінулае, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім гарвыканкаме. Эстафету святочных мерапрыемстваў у гонар 1150-годдзя горада падхопіць фестываль сярэднявечнай культуры "Рубон", які пачнецца 1 чэрвеня. У гэты раз яго прадстаўніцтва як ніколі вялікае - апроч беларускіх клубаў гістарычнай рэканструкцыі ў ім возьмуць удзел рыцары і віцязі з Расіі, Украіны, Чэхіі, Польшчы, Літвы, а таксама майстры народных промыслаў з Латвіі. Яны ўжо пацвердзілі свой удзел. У межах свята пройдзе штурм сярэднявечнага замка, размешчанага ў маляўнічым гістарычным месцы на беразе ракі Заходняя Дзвіна. Адбудуцца рыцарскія турніры па правілах ранняга і развітога сярэднявечча. Не пакінуць абыякавымі ні дзяцей, ні дарослых захапляльныя відовішчы рыцарскіх бугуртаў - камандных сутычак. На фестывалі будуць працаваць сцэнічныя пляцоўкі, пройдуць майстар-класы па традыцыйных сярэднявечных рамёствах, жадаючыя змогуць паспрабаваць стравы сярэднявечнай кухні і паслухаць непаўторную музыку таго часу. Літоўскія клубы гістарычнай рэканструкцыі прывязуць на "Рубон" атрад лучнікаў, якія возьмуць удзел у спаборніцтвах, а таксама ў штурме замка. Латвійскі бок дэлегуе на фестываль латгальскіх рамеснікаў, якія здолелі захаваць традыцыі старажытных майстроў, а таксама творчыя калектывы. Удзел латвійскіх і літоўскіх клубаў у фестывалі ў Полацку з'яўляецца адным з мерапрыемстваў праекта ЕС міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Бела Дзвіна 2". Фестываль працягнецца тры дні - да 3 чэрвеня. Месцам яго правядзення стаў раён Кургана Няскоранай Славы. Сваёй назвай - "Рубон", ён абавязаны гістарычнай назве Заходняй Дзвіны і старажытнаму баявому клічу полацкіх воінаў. Фестываль накіраваны на папулярызацыю полацкай зямлі і беларускай культуры. Да ўдзелу ў фестывальных спаборніцтвах дапускаюцца рыцары з вагой даспехаў не менш за 16 кг. Вага мяча павінна быць ад 1,2 кг да 1,5 кг, пры гэтым зброя з лёгкіх сплаваў накшталт тытана не дапускаецца. -0-

БЕЛТА