Цяпер склалася няпростая эпідэміялагічная сітуацыя і перажыць гэты час трэба па-хрысціянску.

У нядзелю 12 красавіка вернікі каталіцкай царквы будуць святкаваць Вялікдзень, а праваслаўныя вернікі – Уваход Гасподні ў Іерусалім (Вербніца).

Цяпер склалася няпростая эпідэміялагічная сітуацыя і перажыць гэты час трэба па-хрысціянску.

У Віцебскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы звяртаюць увагу на тое, што асвячэнне вербачак, як звычайна, будзе праходзіць на вуліцы. «Мы пераканаўча просім трымаць дыстанцыю адзін ад аднаго, не ствараць масавага збору ля храма, святары будуць пастаянна і часта выходзіць для асвячэння вербачак», — падкрэсліў сакратар Віцебскай епархіі протаіерэй Уладзімір Разановіч.

«Храмы адкрыты і службы ідуць, у кожным з іх выконваюцца меры санітарнай бяспекі. Аднак мы нястомна паўтараем: на перыяд эпідэміі магчыма ўстрымацца ад цалавання святыняў, схіліце перад абразом сваё сэрца, калені сваёй душы, — кажа Уладзімір Разановіч. — Мы заклікаем людзей не грэбаваць рэкамендацыямі ўрачоў трымаць дыстанцыю, надзяваць маскі ў храмах, і не абражацца, калі зроблена на гэты конт заўвага, заўсёды нагадваем, што не варта наведваць службы, калі адчуваеце, што нездаровыя. У гэты складаны час, дарагія вернікі, можаце прыходзіць у тыя храмы, дзе тэхнічныя ўмовы дазваляюць трансляваць богаслужэнне на вуліцу, і маліцца перад храмам».

Перажыць гэты час па-хрысціянску з малітвай усіх вернікаў заклікае і біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.

Ён таксама звяртае ўвагу на неабходнасць няўхільна выконваць рэкамендацыі ўрачоў і выконваць меры санітарнай бяспекі ў касцёлах: трымаць дыстанцыю, апрацоўваць рукі дэзінфікуючымі сродкамі, якія маюцца ў храмах, карыстацца маскамі.

Касцёлы адкрыты, службы праводзяцца, аднак кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі просіць устрымацца ад наведвання храма падчас літургіі пажылых людзей, людзей з аслабленым імунітэтам і, безумоўна, хворых, а акрамя таго і тых людзей, якія адчуваюць страх заражэння, няўпэўнасць.

Паважаныя грамадзяне! Велізарная просьба з разуменнем аднесціся да рэкамендаваных прафілактычных мер, накіраваных на прадухіленне распаўсюджвання ў краіне вірусных захворванняў.

Па матэрыялах газеты «Віцьбічы»